Баскетбалісты „Менска” 15-ы раз сталі чэмпіёнамі Беларусі
У трэцім паядынку серыі за залатыя медалі каманда Расціслава Вергуна ўпэўнена перайграла баскетбалістаў „Гародня-93” з розніцай у 42 ачкі – 105:63. Толькі ў стартавым матчы залатой серыі падначаленыя Дзмітрыя Кузьміна аказалі сур’ёзны супраціў чэмпіёнам краіны, саступіўшы ўсяго 4 балы 67:71. Другая сустрэча прайшла пры поўнай перавазе мінчан – 107:74.
У барацьбе за бронзавыя ўзнагароды магіляўчане двойчы перамаглі віцябчан на сваёй арэне – 80:73 і 74:69. Сёння „Барысфен” зможа заваяваць бронзу, калі выйграе ў „Рубона” у Віцебску.
„Манчэстэр Сіці” стаў другім фіналістам футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Следам за міланскім „Інтэрам” у фінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў выйшаў англійскі „Манчэстэр Сіці”, які разграміў мадрыдскі „Рэал” у хатнім паўфінале з лікам 4:0. Пасля нічыі у іспанскай сталіцы 1:1 лідэры англійскай прэм’ер-лігі ў Манчэстэры адразу пайшлі наперад і да 37-й хвіліны гульні Бернарду Сілва двойчы забіў Цібо Куртуа. Пасля перапынку госці спрабавалі адыграцца, але ўсе іх атакі апынуліся безвыніковымі. Больш за тое, яны прапусцілі яшчэ два галы: на 76-й хвіліне іх абаронца Эдэр Мілітаа зрэзаў мяч у сваю браму, а незадоўга да фінальнага свістка форвард гаспадароў поля Хуліян Альварэс давёў справу да разгрому і „Рэал” склаў з сябе паўнамоцтвы пераможцы Лігі чэмпіёнаў.
Канадцы закінулі пяць шайб Казахстану
Зборная Канады нанесла паразу камандзе Казахстана ў матчы групавога турніру чэмпіянату свету па хакеі з лікам 5:1.
Фіны тройчы прапусцілі ад французаў, але дамагліся перамогі – 5:3.
Зборная ЗША разабралася з аўстрыйцамі 4:1.
Правы на Алістрава і Сапегу атрымаў санкт-пецярбургскі СКА
Кіраўнікі хакейнага менскага „Дынама” і санкт-пецярбургскага СКА дамовіліся пра абмен. СКА перайшлі правы на двух беларускіх хакеістаў: абаронцу Сяргея Сапегу і нападніка Уладзіміра Алістрава. Узамен „Дынама” атрымала правы на расейскага форварда Аляксандра Волкава, а таксама грашовую кампенсацыю.
Сяргей Сапега ў сёлетнім сезоне КХЛ адыграў у 60 сустрэчах рэгулярнага чэмпіянату, у якіх набраў 17 (4+13) балаў. У плэй-оф ён згуляў у 6 матчах і вызначыўся 2 (1+1) ачкамі. Абаронца дэбютаваў у КХЛ у складзе „зуброў” у сезоне-2021/22. Сумарна ў лізе правёў 108 матчаў, набраў 29 (7+22) ачкоў.
Нападнік Уладзімір Алістраў згуляў у мінулым сезоне ў 67 матчах рэгулярнага чэмпіянату КХЛ, дзе набраў 29 (12+17) ачкоў. У плэй-оф ён выйшаў на лёд у 6 гульнях, у якіх вызначыўся 4 (3+1) баламі. Беларус правёў тры сезоны ў менскім „Дынама”: 162 гульні і 49 (23+26) ачкоў.
Форвард Аляксандр Волкаў у мінулым сезоне за СКА правёў 58 матчаў у рэгулярным чэмпіянаце, набраўшы 25 (14+11) ачкоў. У плэй-оф на рахунку Аляксандра 11 гульняў і 5 (3+2) балаў. Таксама Волкаў гуляў у НХЛ за „Анахайм” і „Тампу”, у складзе якой у 2020-м годзе выйграў Кубак Стэнлі. Сумарна ў НХЛ у яго актыве 46 гульняў і 14 (7+7) ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя