Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі другі матч у Адзінай лізе ВТБ



Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі другую паразу ў новым сезоне Адзінай лігі ВТБ. Чэмпіёны Беларусі саступілі ў гасцях польскаму клубу „Зялёна Гура” з лікам 75:89. Самым выніковым у складзе мінчан стаў амерыканскі легіянер Крыс Клайберн, які набраў 25 ачкоў.

У стартавым матчы цяперашняга сезона мінчане перамаглі ў Краснаярску мясцовы „Енісей” з лікам 86:81, а потым прайгралі ў Санкт-Пецярбургу баскетбалістам „Зеніта” – 73:104. Затым у сувязі з каронавірусам „цмокі” сышлі на каранцін, прапусціўшы некалькі матчаў Адзінай лігі ВТБ і групавога этапу Лігі чэмпіёнаў.

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі яраслаўскаму „Лакаматыву”

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі яраслаўскаму „Лакаматыву” у матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася з лікам 1:4.

У другім перыядзе націск гаспадароў нарэшце прынёс ім вынік. Лік адкрыў Максім Осіпаў на 27-й хвіліне сустрэчы. Менчукі спрабавалі адыграцца, але да другога перапынку лік так і не змяніўся. Трэцяя дваццаціхвілінка пачалася з таго, што Магнус Пяярві-Свенсан падвоіў перавагу „Лакаматыва”. Брэндан Козун падарыў мінчанам надзею, скараціўшы адставанне ў ліку. Але большага „зубрам” зрабіць не ўдалося. Іх супернікі правялі яшчэ дзве галявыя атакі. Вызначыліся Мікалай Каваленка і Дзяніс Аляксееў, які трапіў у пустую брамку.

Такім чынам, у каманды са сталіцы Беларусі ў актыве засталося 24 ачкі. Наступны гасцявы паядынак падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць 11 лістапада ў Навасібірску супраць мясцовай „Сібіры”.

Футбалісты „Слуцка” перамаглі „Энергетык-БДУ” ў матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты „Слуцка” абыгралі сталічны „Энергетык-БДУ” з лікам 2:0 ў перанесеным матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі. Усе галы ў гэтай гульні былі забітыя ў другой палове сустрэчы. На 58-й хвіліне Дзмітрый Сасін адкрыў лік, а праз 12 хвілін ён жа ўсталяваў канчатковы лік.

У чэмпіянаце Беларусі працягвае лідыраваць БАТЭ, якое набрала 53 ачкі пасля 27 матчаў, у салігорскага „Шахцёра” – 52, у берасцейскага „Дынама” – 48, у гарадзенскага „Нёмана” – 47 ачкоў.

Гол Абамеянга з пенальці прынёс „Арсеналу” перамогу над „Манчэстар Юнайтэд”

„Арсенал” на выездзе абыграў „Манчэстар Юнайтэд” у матчы 7-га тура чэмпіянату Англіі – 1:0. Адзіны мяч забіў П’ер-Эмерык Абамеянг. Для лонданцаў перамога на „Олд Трафард” стала першай з верасня 2006 года. „Арсенал” з 12 ачкамі ідзе восьмым у турнірнай табліцы, у „МЮ” сем балаў і 15-я пазіцыя. „Ювентус” на выездзе разграміў „Спецыю” ў матчы 6-га тура чэмпіянату Італіі – 4:1. У гасцей дублем адзначыўся партугальскі форвард Крышціяну Раналду. „Юве” з 12 ачкамі ідзе другім у турнірнай табліцы, у „Спецыі” пяць балаў і 16-я пазіцыя. „Рома” перамагла „Фіярэнціну” 2:0 і з 11 ачкамі ідзе сёмай ў турнірнай табліцы, у „Фіярэнціны” сем ачкоў і 11-я пазіцыя.

Беларускае Радыё Рацыя