Баскетбалісты „Цмокi-Менск” занялі другое месца на турніры ў Ніжнім Ноўгарадзе



Баскетбалісты „Цмокi-Менск” занялі другое месца ў першым розыгрышы Кубка Аляксандра Хайратдзінава ў Ніжнім Ноўгарадзе. У стартавым матчы падапечныя Расціслава Вергуна саступілі баскетбалістам „Ніжняга Ноўгарада” з лікам 57:79. У другім матчы „цмокі” перайгралі маскоўскі клуб МБА з вынікам 73:67. У абодвух сустрэчах самым выніковым у складзе менчукоў стаў 28-гадовы амерыканскі распасоўнік Анджэла Уорнар, які ў першай гульні набраў 14 ачкоў, а ў другой – 15. Па выніках турніру ён прызнаны найлепшым гульцом беларускай каманды. Пераможцам спаборніцтваў стаў „Ніжні Ноўгарад”.

Арына Сабаленка засталася на другой пазіцыі ў рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка засталася на другой пазіцыі ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) пасля фінішу адкрытага чэмпіянату ЗША. Пераможца US Open брытанка Эма Радукану паднялася з 150-га на 23-е месца ў рэйтынгу WTA. Беларуска Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 32-м месцы (1990 ачкоў), Аляксандра Сасновіч займае 111-ю пазіцыю (740). Вольга Гаварцова на 134-м радку (564). Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі. У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў лідарства захоўвае серб Новак Джокавіч, які саступіў у фінале US Open расейцу Даніілу Мядзведзеву. Беларускі тэнісіст Ілля Івашка займае 53-е месца (1305 ачкоў), Ягор Герасімаў на 90-й пазіцыі (85).

Дзмітрый Баскаў пакінуў Савет дырэктараў КХЛ

Гендырэктар менскага „Дынама” Сяргей Сушко абраны ў склад Савета дырэктараў у КХЛ. Ён замяніў экс-старшыню ФХБ Дзмітрыя Баскава, які пакінуў склад савета. На першым пасяджэнні ў новым сезоне Савет дырэктараў КХЛ аднагалосна пераабраў на пасаду старшыні Генадзя Цімчанка, паведамляе прэс-служба лігі.

Выніковы турнір WTA у гэтым годзе пройдзе ў Гвадалахары

WTA паведаміла аб пераносе выніковага турніру. У гэтым годзе з-за пандэміі каронавіруса ён пройдзе не ў кітайскім Шэньчжэне, а ў мексіканскай Гвадалахары. У наступным годзе спаборніцтвы плануецца вярнуць у Кітай, дзе яны павінны праходзіць да 2030-га. WTA Finals-2021 стартуе 8 лістапада.