Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” сталі першымі паўфіналістамі чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” першымі выйшлі ў паўфінал чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх каманд. У другім матчы чвэрцьфінальнай серыі дзейныя чэмпіёны краіны зноў разграмілі баскетбалістаў сваёй маладзёжнай каманды – 95:53. У першай сустрэчы асноўная дружына „цмокаў” таксама была мацнейшай – 91:38.
У паўфінале супернікам падначаленых Расціслава Вергуна будзе пераможца сустрэч паміж віцебскім „Рубонам” і рэзервістамі „Цмокi-Мінск”. У іх першым матчы віцябляне выйгралі на сваёй пляцоўцы з лікам 93:89.
Лідар рэгулярнага сезона магілёўскі „Барысфен” у першым паядынку чвэрцьфінальнай серыі не адчуў ніякіх праблем у гасцявым матчы з „Гомельскімі рысямі”, перамогшы 113:93. Баскетбалісты „Гродна-93” у хатняй гульні з вялікай цяжкасцю адолелі сталічны „Імпульс-БДУІР” – 86:84.
Гандбалісты СКА другі раз у сезоне абыгралі „Мяшкоў Брэст”
Менскі СКА другі раз у гэтым сезоне здолеў абыграць дзейных чэмпіёнаў Беларусі гандбалістаў клуба „Мяшкоў Брэст”. Пасля першай паловы сустрэчы на пляцоўцы сталічнага спарткомплексу „Уручча” менчане саступалі з лікам 16:19, але ў другім тайме падначаленыя Ігара Папругі змяніліся і здолелі дамагчыся перамогі – 37:30. У сёлетнім першынстве гэта была пятая сустрэча галоўных фаварытаў: цяпер у актыве армейцаў і берасцейцаў па дзве перамогі, яшчэ ў адной гульні была зафіксавана нічыя. Наступны паядынак СКА і „Мяшкоў Брэст” адбудзецца 20 траўня на арэне берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя”.
„Нёман” абыграў берасцейскае „Дынама”
У футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі чарговыя сустрэчы трэцяга тура. У першай з іх футбалісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі на сваёй арэне гасцей з берасцейскага „Дынама” 2:1. У складзе пераможцаў галы забілі Валерый Жукоўскі (з пенальці) і Гегам Кадзімян, у берасцейцаў вызначыўся Уладзіслаў Ясюкевіч. Футбалісты барысаўскага БАТЭ святкавалі трэцюю запар буйную перамогу. У паядынку 3-га тура барысаўчане разграмілі ў Магілёве мясцовы „Дняпро” 3:0. У першым тайме мячы забілі Уладзіслаў Малькевіч і Станіслаў Драгун, а пасля перапынку апошнюю кропку паставіў Вілюм Вілюмсан. Чэмпіёны краіны футбалісты салігорскага „Шахцёра” выйгравалі ў гасцях у „Іслачы” з Менскага раёна, але не змаглі ўтрымаць перамогу – нічыя 1:1. Абодва галы былі забітыя ў першым тайме – на 15-й хвіліне адзначыўся Дэмба Дарбо, а праз 15 хвілін Алег Нікіфарэнка зраўняў лік.
«Манчэстэр Сіці» і «Ліверпуль» згулялі ўнічыю ў цэнтральным матчы 32-га тура АПЛ
На стадыёне „Этыхад” у Манчэстэры ў рамках 32-га тура англійскай Прэм’ер-лігі „Манчэстэр Сіці” прымаў „Ліверпуль”. Каманды згулялі ўнічыю – 2:2. Лік быў адкрыты ў пачатку першага тайма. На 5-й хвіліне вызначыўся паўабаронца «гараджан» Кевін Дэ Бройнэ, яму асіставаў Бернарду Сілва. На 13-й хвіліне лік зраўняў нападнік чырвоных Дыягу Жота. На 36-й хвіліне забіў нападнік гаспадароў Габрыэл Жэзус. А на 46-й хвіліне пасля перадачы Махамеда Салаха мяч у адказ забіў форвард «Ліверпуля» Садыё Мане. „Манчэстэр Сіці” набраў 74 ачкі ў 31 сустрэчы і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы. «Ліверпуль» набраў 73 ачкі – і на 2-м месцы.
На стадыёне „Сьюдад дэ Валенсія” ў рамках 31-га тура іспанскай Прымеры „Левантэ” прымаў „Барселону”. Госці святкавалі перамогу – 3:2. Лік быў адкрыты ў пачатку другога тайма. На 52-й хвіліне пенальці ў браму каталонцаў рэалізаваў паўабаронца Хасэ Луіс Маралес. На 56-й хвіліне арбітр паставіў яшчэ адзін 11-метровы ў браму „Барсы”. Да „кропкі” падышоў нападнік Рохер Марці, які не здолеў забіць. На 59-й хвіліне лік зраўняў нападнік «Барсы» П’ер-Эмерык Абамеянг, яму асіставаў Усман Дэмбеле. На 63-й хвіліне паўабаронца сіне-гранатавых Пэдры вывеў сваю каманду наперад, галявы пас аддаў Гаві. На 83-й хвіліне хаўбек «Левантэ» Гансала Мелера забіў «Барселоне» з 11-метровага. У дададзены да другога тайма час пасля перадачы Жордзі Альбы пераможны мяч забіў форвард „Барсы” Люк дэ Ёнг. Пасля 30 згуляных тураў „Барселона” размяшчаецца на другім месцы ў турнірнай табліцы, набраўшы 60 ачкоў. Лідыруе ў спаборніцтвах мадрыдскі «Рэал», у якога 72 ачкі.
У чэмпіянаце Італіі „Мілан” не змог абыграць „Тарына” – 0:0. „Мілан” размяшчаецца на першым месцы ў турнірнай табліцы. „Расанэры” набралі 68 ачкоў.
Беларускае Радыё Рацыя