Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” 12-ы раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі



Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” 12-ы раз запар сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі.

У фінале на пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец” падначаленыя Расціслава Вергуна ва ўпартай барацьбе перамаглі ў авертайме гаспадароў турніру баскетбалістаў „Барысфена” з розніцай у чатыры ачкі – 83:79. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Роберт Лоўры, які набраў 25 ачкоў. У паядынку за трэцяе месца віцебскі „Рубон” перамог „Гродна-93” – 94:75. Больш за ўсіх Кубак Беларусі заваёўвалі менскія „Цмокi”, якія перамагалі ў 12 турнірах запар, сем трафеяў у „Гродна-93”.

„Мядзведзі Cup 2020”. Юнацкая зборная Беларусі выйшла ў фінал

У заключным матчы групавога этапу маладзёжнага гандбольнага турніру „Мядзведзі Cup 2020” юнацкая зборная Беларусі саступіла камандзе ЦСКА-2 – 24:27. Падначаленыя Васіля Астроўскага і Дзмітрыя Нікуленкава выйшлі ў паўфінал з другога месца, дзе перамаглі каманду „Чэхаўскія мядзведзі-2” — 26:22. У вырашальным матчы беларускія гандбалісты зноў згуляюць з ЦСКА-2.

Менскае «Дынама» запрасіла двухразовага ўладальніка Кубка Гагарына

Расейскі форвард Дзяніс Мосалеў заключыў кантракт з менскім «Дынама» да канца сезона, паведамляе афіцыйны сайт „зуброў”. У 34-гадовага хакеіста вялікі вопыт гульні ў КХЛ. Усяго ў чэмпіянатах ён правёў 598 матчаў, у якіх набраў 218 (116 + 102) ачкоў. З ХК МВД у 2010-м форвард дайшоў да фіналу Кубка Гагарына, дзе саступіў «Ак Барсу». А з маскоўскім «Дынама» Мосалеў двойчы выйграваў галоўны трафей КХЛ. Сезон 2019/20 Дзяніс правёў у «Сочы», дзе выступіў у 50 гульнях, набраў 18 (8 + 10) ачкоў пры паказчыкі карыснасці «+1».

Гол Гаўруса дапамог „Дынама” з Санкт-Пецярбурга абыграць „Сокал”.

Беларускі нападнік Артур Гаўрус дапамог „Дынама” з Санкт-Пецярбурга ў гасцях перамагчы краснаярскі „Сокал” – 4:3. Беларус адзначыўся голам на 36-й хвіліне сустрэчы, зрабіўшы лік — 3:1. Усяго ў бягучым сезоне на рахунку Гаўруса 12 (5 + 7) ачкоў у 23 матчах пры 6 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+4”, – піша hockey.by.

Міжнародная федэрацыя хакея пачала расследаванне ў дачыненні да Дзмітрыя Баскава

Беларускі фонд спартовай салідарнасці атрымаў адказ ад ІІХФ на ліст адносна пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Бакі правядуць рабочую сустрэчу пасля чацвёртага студзеня. У лісце паведамляецца, што дысцыплінарная камісія міжнароднай федэрацыі пачала расследаванне адносна старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава. Чалавек, падобны на Дзмітрыя Баскава, знаходзіўся на «Плошчы пераменаў» падчас канфлікту, пасля якога Раман Бандарэнка быў дастаўлены ў шпіталь, а пазней памёр ад атрыманых траўмаў.

Іска папрасіў выставіць яго на трансфер пасля канфлікту з Рамасам

Паўабаронца „Рэала” Іска папрасіў выставіць яго на трансфер. Аднаклубнікі незадаволеныя стаўленнем іспанца да справы. На іх думку, Іска не выкладваецца на трэніроўках, у выніку чаго справядліва не атрымлівае месца ў асноўным складзе. Паміж Іска і капітанам „Рэала» Серхіа Рамасам адбыўся канфлікт, падчас якога абаронца раскрытыкаваў футбаліста. Іска лічыць, што для таго, каб трапіць у заяўку зборнай Іспаніі на EURO-2020 яму неабходна перайсці ў іншы клуб для атрымання гульнявой практыкі, – перадае sport-express.ru. У бягучым сезоне на рахунку паўабаронцы 13 матчаў за «сметанковых» ва ўсіх турнірах, у якіх ён забіў адзін гол.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота:  Фота „Цмокi-Мiнск”