Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” восьмы раз прайгралі ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” зноў прайгралі ў матчах Адзінай лігі ВТБ. У апошнім матчы года „цмокі” пацярпелі восьмую паразу запар, саступіўшы ў Краснадары мясцоваму клубу „Лакаматыў-Кубань” з мінімальнай розніцай у ліку 76:77.
У складзе менскай дружыны самым выніковым стаў Роберт Лоўры, у актыве якога 17 ачкоў.
Валейбалісткі „Мінчанкі” выйгралі ў „Прыбужжа” ў паўфінале Кубка Беларусі
Валейбалісткі „Мінчанкі” выйгралі ў „Прыбужжа” ў паўфінальным матчы Кубка Беларусі з лікам 3:0. У спрэчцы за галоўны трафей турніру валейбалісткі „Мінчанкі” сыдуцца з гарадзенскім „Камунальнікам-ГрДУ”, які абыграў сталічную дружыну „Мінчанка-2” з такім жа лікам 3:0. Фінальны матч пачнецца сёння ў 15 00 па беларускім часе.
Іван Маеўскі падпісаў кантракт з „Ротарам”
Паўабаронца „Астаны” і зборнай Беларусі Іван Маеўскі падпісаў кантракт з „Ротарам”, які выступае ў расійскай прэм’ер-лізе. Афіцыйна аб пераходзе беларускага апорніка будзе абвешчана ў студзені, калі ён далучыцца да сваёй новай каманды. З „Астаной” у Маеўскага скончыўся кантракт. У сезоне КПЛ-2020 паўабаронца правёў за „Астану” 15 матчаў, у якіх забіў адзін гол і аддаў адну выніковую перадачу. У Расіі 32-гадовы Маеўскі ужо гуляў, выступаючы з 2015 па 2017 год за махачкалінскі „Анжы”. „Ротар” пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Аляксандра Хацкевіча ідзе на 13-м месцы РПЛ, у якой выступаюць 16 каманд, набраўшы 14 ачкоў пасля 19 тураў. „Астана” ж пасля шасцігадовага чэмпіёнства цяперашні сезон у КПЛ завяршыла на трэцім месцы.
«Тотэнхэм» выйшаў у паўфінал Кубка англійскай лігі
У матчы 1/4 фіналу Кубка англійскай лігі «Тотэнхэм Хоцпур» перайграў «Сток Сіці». Сустрэча завяршылася з лікам 3:1 на карысць гасцей. На 22-й хвіліне матчу лік адкрыў нападнік «Тотэнхэма» Гарэт Бэйл. Паўабаронца «Стока» Джордан Томпсан зраўняў лік. Абаронца «шпор» Бэн Дэвіс вывеў каманду наперад на 70-й хвіліне. А нападнік «Тотэнхэма» Гары Кейн забіў трэці гол. «Тотэнхэм Хоцпур» выйшаў у паўфінал Кубка англійскай лігі. Раней пуцёўку ў гэтую стадыю турніру заваявалі «Брентфорд» і «Манчэстэр Сіці».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: is.by