Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” выйшлі ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў



У балгарскім Ботэўградзе менчукі ў вырашальным паядынку сустракаліся з літоўскім клубам „Нептунас” з Клайпеды і перамаглі з лікам 69:59. У першым кваліфікацыйным паядынку чэмпіёнскай Лігі падначаленыя Расціслава Вергуна перамаглі гаспадара турніру балгарскі „Балкан” — 73:65. Выйграўшы кваліфікацыйны этап, менчукі трапілі ў групу D асноўнага этапу чэмпіёнскай Лігі. Там іх супернікамі будуць грэцкі АЕК з Афін, нямецкі „Бамберг”, французскі „Шале”, італьянская „Балонья”, ізраільскі „Хапаэль”, іспанскі „Більбао” і турэцкая „Каршыяка”.

Хакеісты „Гомеля” абыгралі „Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі

Хакеісты „Гомеля” абыгралі гарадзенскі „Нёман” у хатнім матчы чэмпіянату Беларусі з лікам 2:1. Першы перыяд каманды правялі ў роўнай барацьбе, але лік адкрылі госці з Гародні. На 12-й хвіліне вызначыўся Павел Ажгірэй пасля перадачы Ігара Варывончыка. „Рысі” прыклалі ўсе намаганні, каб адыграцца, і гэта ім атрымалася ў другой траціне паядынку – на 31-й хвіліне адзначыўся Вадзім Сушко. А яшчэ праз пяць хвілін Герман Несцераў з перадачы Аляксандра Скарэнава закінуў другую шайбу „Гомеля”. У астатніх сустрэчах гульнявога дня „Дынама-Маладзечна” саступіла ў авертайме „Металургу” са Жлобіна – 2:3, а салігорскі „Шахцёр” выйграў у „Магілёва „- 4:2.

«Баварыя» выйграла Суперкубак УЕФА

Мюнхенская «Баварыя» выйграла Суперкубак УЕФА, адолеўшы ў дадатковы час іспанскую «Севілью» з лікам 2:1. Гульня праходзіла ў Будапешце. Лік у матчы быў адкрыты ўжо на 13-й хвіліне, калі Лукас Окампас вывеў севільцаў наперад, рэалізаваўшы пенальці пасля фолу Давіда Алабы. Яшчэ да перапынку Леон Гарэцка забіў гол у адказ, а ў пачатку другога тайма Роберт Левандоўскі адправіў другі мяч у браму «Севільі», але пасля відэапрагляду гол быў адменены. «Баварыя» працягвала атакаваць, але ў завяршэнні нападаў у мюнхенцаў былі праблемы. У выніку лёс тытула вырашаўся ў дадатковы час. Пераможны гол забіў на 104-й хвіліне Хаві Марцінэс. Клуб з Мюнхена заваяваў чацвёрты трафей у 2020 годзе. Раней «Баварыя» выйграла чэмпіянат і Кубак Нямеччыны, а таксама Лігу чэмпіёнаў.

Алёна Амялюсік заняла 16-е месца на Чэмпіянаце свету па веласпорце на шашы

Беларуская спартоўка Алена Амялюсік заняла 16-е месца на чэмпіянаце свету па шасэйных велагонках у італьянскім Імоле. Беларуска ў гонцы з раздзельным стартам саступіла пераможцы з Нідэрландаў Ганне ван дэр Брэга 2 хвіліны 28,99 секунды. ЧС па веласпорце на шашы праходзіць па зрэзанай праграме з-за каронавіруса. Медалі разыгрываюцца толькі ў катэгорыі „эліта” і толькі ў алімпійскіх відах праграмы, групавых і індывідуальных гонках.

Герасімаў згуляе з Надалем на старце адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе

У Парыжы адбылося лёсаванне адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе, трэцяга ў гэтым сезоне турніру серыі „Вялікага шлема”. Адзіны прадстаўнік Беларусі ў мужчынскім адзіночным разрадзе Ягор Герасімаў, які займае 83-е месца ў сусветным рэйтынгу, у першым раўндзе сустрэнецца з другой ракеткай планеты, легендарным іспанскім тэнісістам Рафаэлем Надалем, які 12 разоў станавіўся трыумфатарам гэтага прэстыжнага турніру.

У жаночым адзіночным разрадзе на парыжскіх кортах „Ралан Гарос” згуляюць тры беларускі. 12-ы нумар рэйтынгу WTA Арына Сабаленка ў першым раўндзе згуляе з амерыканкай Джэсікай Пегулай, у якой 60-я пазіцыя. 14-ы нумар сусветнага рэйтынгу Вікторыя Азаранка будзе супернічаць з 73-й у рэйтынгу чарнагорскай тэнісісткай Данкай Ковініч, суперніцай 96-й ракеткі планеты Аляксандры Сасновіч будзе 104-я ў рэйтынгу немка Ганна-Лена Фрыдзам. Адкрыты чэмпіянат Францыі стартуе 27 верасня, а фінішуе 11 кастрычніка. Яго агульны прызавы фонд складзе 38 мільёнаў еўра.

Беларускае Радыё Рацыя