Баскетбалісты зборнай Беларусі прайгралі партугальцам



Баскетбалісты зборнай Беларусі няўдала пачалі заключны этап першага кваліфікацыйнага раўнду чэмпіянату свету 2023 года. У кіпрскай Нікасіі беларусы прайгралі камандзе Партугаліі з лікам 57:75. Свой апошні паядынак у групе А беларуская зборная правядзе заўтра супраць албанцаў. Беларусы і партугальцы лідыруюць пасля 5 матчаў, маючы 9 ачкоў  У наступны этап кваліфікацыі сусветнага першынства выходзяць па дзве лепшыя каманды з двух груп.

Менскае «Дынама» перамагло ў гасцях фінскі «Йокерыт»

Менскае „Дынама” выйграла ў гасцях у хельсінкскага «Йокерыта» па булітах – 3:2. Лік у матчы на 20-й хвіліне адкрыў Аляксей Протас, але ў сярэдзіне другога перыяду Джон Норман закінуў шайбу ў адказ. У другі раз наперад «зубры» выйшлі за дзве секунды да канца другога перыяду, калі адзначыўся Роб Клінкхамер. Шведскі абаронца «Йокерыта» Віктар Лёў перавёў гульню ў авертайм, але там каманды пераможцу не выявілі. А ў серыі булітаў «Дынама» было значна мацней. Менчукі рэалізавалі ўсе свае спробы, а «Йокерыт» – ніводнай. Пасля візіту ў Хельсінкі менчукоў чакаюць паядынкі ў хатніх сценах. Заўтра „зубры” згуляюць з „Трактарам” з Чэлябінска, а 23 лютага супраць хабараўскага „Амура”.

Хакеісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі „Гомель”

Хакеісты салігорскага „Шахцёра” адолелі „Гомель” у матчы чэмпіянату Беларусі. Гульня завяршылася на карысць каманды Юрыя Файкова з лікам 3:2. „Металург-Жлобін” перамог „Магілёў” – 5:3, „Дынама-Маладзечна” перапыніла шасціматчавую пераможную серыю „Юнацтва” – 3:2, а аршанскі „Лакаматыў” у авертайме „даціснуў” гарадзенскі „Нёман” – 4:3.

Максім Сушко дэбютаваў у НХЛ

Беларускі хакеіст Максім Сушко дэбютаваў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Магчымасць згуляць за клуб „Філадэльфія Флаерз” у матчы супраць „Нью-Ёрк Рэйнджэрс” з’явілася ў беларускага форварда, які выступае за фарм-клуб каманды з Пенсільваніі „Ліхай Вэлі” у АХЛ, пасля таго, як адразу шэсць гульцоў асновы „лётчыкаў” засталіся па-за заяўкі на матч з-за каранціну ў адпаведнасці з COVID-пратаколам НХЛ. У выніку Максім Сушко, які пачынаў сезон у менскім „Дынама”, правёў на лёдзе ў сустрэчы з „коннымі паліцэйскімі” каля шасці хвілін і выніковымі дзеяннямі не вызначыўся. Што тычыцца зыходу гульні, то ў пасляматчавай серыі штрафных кідкоў каманда Максіма Сушко прайграла – 2:3.

Валейбалісткі „Мінчанкі” абыгралі „Зарэчча-Адзінцова”

Валейбалісткі „Мінчанкі” адолелі „Зарэчча-Адзінцова” ў матчы расейскай суперлігі. Гульня ў сталічным спарткомплексе „Уручча” завяршылася на карысць каманды Станіслава Салікава з лікам 3:1.  Самай выніковай валейбалісткі сустрэчы стала гулец „Мінчанкі” Вікторыя Сакрэтава, якая набрала 22 ачкі.  Гэта сёмая перамога «Мінчанкі», якая правяла 19 матчаў у расейскай суперлізе. Дзякуючы гэтаму поспеху беларускі падняліся на 11-е месца ў турнірнай табліцы. У іх на рахунку 20 ачкоў.

Гандбалісты „Кельце” разграмілі „Эльверум” у Лізе чэмпіёнаў

Гандбалісты „Кельце” выйшлі на першае месца ў групе А Лігі чэмпіёнаў.

Чэмпіёны Польшчы ўжо да перапынку хатняга паядынку адарваліся ад нарвежскага „Эльверума” на шэсць мячоў – 20:14. У другой палове гаспадары працягвалі дыктаваць свае ўмовы і павялічылі перавагу да дзесяці мячоў – 39:29. Беларускі легіянер „Кельце” Арцём Каралёк закінуў 7 мячоў, а Уладзіслаў Кулеш адзін раз трапіў у брамку супернікаў.

„Краснадар” саступіў заграбскаму „Дынама” ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы

Футбалісты „Краснадара” пацярпелі паразу ад харвацкага „Дынама” з лікам 2:3 у хатнім паядынку 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Гуляючы на сваёй арэне, расейскі клуб, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч, прапусціў мяч на 15-й хвіліне пасля ўдару Бруна Петкавіча, а праз 13 хвілін Маркус Берг аднавіў раўнавагу. Неўзабаве пасля перапынку Бруна Петкавіч забіў свой другі гол, затым Віктар Клаэсан зноў зраўняў лік, а на 75-й хвіліне гульні Ияйи Атимвен забіў пераможны мяч у браму Яўгена Гарадавога. Чэмпіён Украіны данецкі „Шахцёр” з лікам 2:0 перамог у Тэль-Авіве ізраільскі „Макабі”, які ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў перамог футбалістаў берасцейскага „Дынама”. Яшчэ адзін украінскі клуб кіеўскае „Дынама” ў сябе дома разышоўся з бельгійскім „Бруге” – 1:1. Сярод астатнік вынікаў адзначу нічыю «Бенфікі» і «Арсенала» – 1:1; не выявілі пераможцу пражская «Славія» і ангельскі «Лестэр» 0:0, а вось „Манчэстар Юнайтэд” на выездзе разграміў іспанскі „Рэал Сасьедад” 4:0. Лондаскі „Тотэнхэм” не пакінуў шанцаў аўстрыйскаму „Вольфсбергу” 1:4, а бялградская „Црвена Звезда” і „Мілан” згулялі ўнічыю – 2: 2; Матчы ў адказ 1/16 фіналу ЛЕ адбудуцца 25 лютага. Вырашальны паядынак другога па рангу кантынентальнага турніру намечана правесці 26 траўня ў Гданьску.

Беларускае Радыё Рацыя