Баскетбалісты зборнай Беларусі завершаць кваліфікацыю ЧС на Кіпры



Міжнародная федэрацыя баскетбола (ФІБА) вызначыла месцы правядзення заключных матчаў першага кваліфікацыйнага этапу чэмпіянату свету 2023 года. Зборная Беларусі, якая выступае ў групе А, два заключныя паядынкі правядзе на Кіпры. У Нікасіі 18 лютага 2021 года ў матчы пятага тура беларусы згуляюць з партугальцамі, а 20 лютага завершаць турнір сустрэчай з кіпрыётамі. Для беларускіх баскетбалістаў гэтыя сустрэчы не маюць прынцыповага значэння – яны ўжо забяспечылі сабе выхад у другі кваліфікацыйны раўнд сусветнага першынства.

Роберт Левандоўскі стаў найлепшым гульцом года па версіі часопіса „FourFourTwo”

Папулярны часопіс „FourFourTwo” назваў найлепшага футбаліста 2020 года. Ім стаў форвард „Баварыі” і зборнай Польшчы Роберт Левандоўскі. Яго абраў 101 журналіст, які прадстаўляў у галасаванні 101 краіну.

ЕГФ вынесла папярэджанне зборным Расеі, Чэхіі, Сербіі, Харватыі і Іспаніі

Пяць зборных атрымалі папярэджанні ў сувязі з парушэннем санітарных правілаў на жаночым чэмпіянаце Еўропы па гандболе. Чэмпіянат Еўропы стартаваў 3 снежня ў Даніі. Адзначаецца, што да панядзелка арганізатары турніру правялі каля 3400 тэстаў сярод удзельнікаў. За парушэнне санітарнага пратаколу папярэджанні ад ЕГФ атрымалі зборныя Расеі, Чэхіі, Сербіі, Харватыі і Іспаніі.

Арына Сабаленка захавала месца ў топ-10, Вікторыя Азаранка – 13-ая

Жаночая тэнісная асацыяцыя (ВТА) прадставіла актуальную версію рэйтынгу спартовак у адзіночным разрадзе. Званне першай ракеткі свету захоўвае за сабой Эшлі Барці з Аўстраліі, самая моцная з беларусак – Арына Сабаленка – 10-я.

У абноўленым рэйтынгу ATП у першай дзясятцы зменаў не адбылося. Лепшы з беларусаў – Ягор Герасімаў – займае 78-ю пазіцыю. Лідыруе серб Новак Джокавіч.

Калекцыйную картку Уэйна Грэцкі 1979 года прададуць за рэкордную суму звыш 1 млн даляраў

Калекцыйную картку 1979 года з выявай легендарнага хакеіста Уэйна Грэцкі ў 18-гадовым узросце прададуць на аўкцыёне за рэкордную суму. Чакаецца, што яна стане першай хакейнай карткай, прададзенай за суму звыш 1 млн даляраў. Картка-пачаткоўца сезона-1979/1980 выстаўлена на вядомым інтэрнэт-аўкцыёне Heritage Auctions, таргі завершацца 13 снежня. Усяго дзве такія карткі атрымалі вышэйшую адзнаку „10” ад кампаніі PSA, якая ацэньвае якасць картак. Гэтая з’яўляецца адной з іх.

Беларускае Радыё Рацыя