Баскетбол: як паказалі сябе беларусы ў гульні з амерыканцамі?



Адна перамога з лікам 87:75 і дзве паразы з лікам 74:75 і 79:83 – такія вынікі нацыянальнай беларускай зборнай па баскетболе ў гульнях з амерыканскай камандай «Аthlets in action»  (“Атлеты ў дзеянні”) у рамках турніру “Bison Cup – 2016” у Беластоку.

Беларускай зборнай дастаўся добры спарынг-партнёр, прызнаў галоўны трэнер беларускай дружыны Аляксандр Круцікаў, вядомы па працы ў сталіцы Падляшша на пачатку 90-х гадоў.

– Не гуляў Малькоў, не гуляў Корж. Гэта нашы два асноўныя плэймейкеры. Там падключацца хлопцы з “Цмокаў”, і толькі тады можна штосьці казаць. Мы пакуль не сустракаліся з моцнымі супернікамі. Гэта наш першы турнір пасля 2-гадовага перапынку. Першую палову мы трохі “праспалі”, але, думаю, хлопцы паказалі характар. Задачы, якія мы ставілі перад гэтым, выкананыя. У нас засталося яшчэ 2 трэніровачныя дні. Адмаўляцца, калі цябе прымаюць і ўсё аплачваюць, я думаю, неразумна.

Трэнер амерыканцаў таксама быў задаволены спарынгамі з беларусамі і паабяцаў прывезці сваю каманду ў Беласток і ў наступным годзе.

– Беларусы – вельмі добрая каманда. Я ведаю, што іх асноўныя гульцы гуляюць у плэй-оф, таму не змаглі прыняць удзелу ў гэтых трох паядынках. Нягледзячы на гэта, сёння ў іх атрымалася адыграць 20 ачкоў. Нашай жа задачай была не толькі перамога, але і дапамога беларускім гульцам палепшыць якасць сваёй гульні. І мы рады былі дапамагчы ім. Думаю, усе мы добра папрацавалі.

Вярнуўшыся дадому, беларуская каманда працягне трэніравацца перад выездам на міжнародны турнір “Atlas Challenge”, які пройдзе з 14 па 19 чэрвеня ў кітайскім горадзе Сучжоу. Турніры ў Беластоку і Кітаі стануць этапамі падрыхтоўкі да адборавых матчаў чэмпіянату Еўропы-2017, у рамках якіх беларусы будуць змагацца са зборнымі Польшчы, Партугаліі і Эстоніі.

20160605_171344

20160605_171359

20160605_171407(0)

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара