Баскетбольная жаночая зборная Беларусі саступіла расейкам



У Менску адбыўся другі баскетбольны спарынг паміж зборнымі і Беларусі і Расеі. Як і ў першым матчы, перамаглі госці – 68:55. Падапечныя Наталлі Трафімавай ў рамках збору перад Еўрабаскетам-2021 правялі шосты матч. Статыстыка – адна перамога і пяць паразаў.

Гарадзенскі „Рытм” выйграў Кубак Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд

Гарадзенскі „Рытм” выйграў Кубак Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд. Пераможцы набралі восем ачкоў пасля трох сустрэч. Выйгралі яны ў тым ліку і ў бліжэйшых пераследніц хакеістак „Менска” ў серыі пасляматчавых кідкоў – 6:6 у асноўны час і 3:2 па булітах. Сталічная каманда завяршыла турнір на 2-м месцы. У бронзавага прызёра „Вікторыі” са Смалявічаў тры ачкі. ХК „Тэкстыльшчык” (Баранавічы) ачкоў не набраў і замкнуў табліцу розыгрышу Кубка.

„Арэнбург” не стаў працягваць кантракт з Андрэем Клімавічам

Расейскі ФК „Арэнбург” (Д2) не стаў працягваць кантракт з беларускім галкіперам Андрэем Клімавічам. Пра гэта інфармуе „Матч ТБ”. У мінулым сезоне брамнік правёў 35 матчаў, прапусціў 26 мячоў. Пры гэтым 16 паядынкаў Клімовіч сыграў „на нуль”.

Еўрапарламент заклікае ЕЗ прыпыніць удзел Беларусі ва ўсіх міжнародных спаборніцтвах

Еўрапарламент заклікае Савет ЕЗ увесці новыя індывідуальныя і сектаральныя санкцыі супраць Менска. У праекце рэзалюцыі на афіцыйным сайце арганізацыі ідзе гаворка і пра спорт. 15-м пунктам еўрадэпутаты выступілі за прыпыненне сяброўства Беларусі ў міжнародных спартыўных федэрацыях, уключаючы МАК, і прыпыненне выступленняў зборнай краіны на міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку Алімпійскіх гульнях у Токіо, чэмпіянатах свету і Еўропы, уключаючы міжнародныя клубныя турніры. Таксама яны выказаліся за пазбаўленне беларускага дзяржаўнага тэлебачання правоў на трансляцыю матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе і бязвыплатную перадачу гэтых правоў „незалежнаму тэлеканалу „Белсат”. Галасаванне па рэзалюцыі будзе 10 чэрвеня.

Васіліна Хандошка і Дар’я Кулагіна пазмагаюцца за пуцёўку на Алімпіяду

З 10 па 13 чэрвеня ў іспанскай Барселоне пройдзе алімпійскі кваліфікацыйны турнір па сінхронным плаванні, дзе для ўдзельнікаў, якія яшчэ не забяспечылі сабе ўдзел у Токіо-2020 будзе апошні шанец гэта зрабіць. Барацьбу за пуцёўку на галоўны старт чатырохгоддзя павядзе і беларускі дуэт. Яго складаюць Васіліна Хандошка і натуралізаваная расейка Дар’я Кулагіна.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ctv.by