БАТЭ абыграў «Слуцк» і наблізіўся да «Шахцёра»



Стартаваў 16-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Усяго ў туры пройдзе 6 матчаў. Напярэдадні «Слуцк» прымаў барысаўскі БАТЭ – і да канца першага тайма здавалася, што ўсё вырашана – на табло гарэлі 0:4. Аднак у другой палове гульня пайшла зусім па іншым сцэнары – «Слуцк» ледзь не адыграўся. «Цукровыя» забілі трэці мяч на апошняй даданай хвіліне гульні. БАТЭ выйграў 4:3 і наблізіўся да «Шахцёру» на адлегласць аднаго ачка (праўда, у «гарнякоў» два матчы ў запасе). У другім матчы дня «Тарпеда-БелАЗ» прайграў менскаму «Дынама» – 1:2. Гэта дазволіла дынамаўцам вярнуцца ў топ-3 (прынамсі, да матчу «Руху» ў Гомелі), а «Тарпеда-БелАЗ» застаецца на 10 месцы. Раней выязны матч салігорскага «Шахцёра» з «Менскам» быў перанесены. А рэчыцкі «Спутнік», нагадаем, абвесціў пра спыненне ўдзелу ў чэмпіянаце.

Сяргей Шапавал падпісаў кантракт з берасцейскім „Дынамам

Паўабаронца Сяргей Шапавал стаў гульцом „Дынама-Брэст”. Пагадненне 31-гадовага ўкраінца разлічана на паўтара года. Пасля выступаў за ўкраінскія, польскія і малдаўскія каманды футбаліст пераехаў у Беларусь у 2016 годзе, перайшоўшы ў склад” Тарпеда-БелАЗ”. Разам з жодзінцамі ён стаў уладальнікам Кубка Беларусі 2016 і праз два сезоны стаў гульцом „Гомеля”, дзе адыграў яшчэ адзін год. Апошнім клубам Шапавала быў ганконскі „Лі-Ман”, за які ён выступаў са студзеня 2019 года па лета бягучага года.

Яўген Шыкаўка стаў гульцом карагандзінскага „Шахцёра”

Карагандзінскі „Шахцёр” дасягнуў пагаднення аб падпісанні кантракта з 28-гадовым нападнікам менскага „Дынама” Яўгенам Шыкаўкам. Раней Шыкаўка гуляў за „Славію”, „Крумкачы” і „Слуцк”. Каля года форвард выступаў за „Ларысу” з чэмпіянату Грэцыі, дзе правёў 15 гульняў і забіў адзін гол. Усяго ў вышэйшай лізе Беларусі адыграў 123 матчы і забіў 30 галоў. Таксама футбаліст мае ў актыве дзве гульні за зборную краіны.

Кіеўскае „Дынама” зможа выкупіць Іллю Шкурыны за адзін мільён еўра

Кіеўскае „Дынама” без асаблівых праблем зможа захаваць нападніка Іллю Шкурына ў разе паспяховай арэнды. Кіяўляне наступным летам маюць права выкупіць форварда за 1 мільён еўра. „Дынама” арандавала Шкурына на адзін год. У свой час ЦСКА заплаціў Брэсту за нападніка 500 тысяч еўра, аднак беларус не змог праявіць сябе ў Маскве. Калі „Дынама” выкупіць 21-гадовага гульца, то „армейцы” атрымаюць пэўны працэнт з будучага продажу форварда. Шкурын выклікаў сапраўдны фурор на зборах кіяўлян, адзначыўшыся галамі ў двух стартавых паядынках.

Крышціяну Раналду апавясціў „Ювентус”, што застанецца ў клубе

Нападнік Крышціяну Раналду працягне выступаць за „Ювентус”. Партугалец апавясціў клуб, што не сыдзе ў гэты трансфернае акно, паведамляе Football Italia са спасылкай на La Gazzetta dello Sport. 36-гадовы гулец прыбудзе ў размяшчэнне „бьянканэры” 25 ліпеня. Акрамя таго, ні Раналду, ні „Ювентус” не атрымлівалі афіцыйных прапаноў аб трансферы. У мінулым сезоне Серыі А Раналду стаў лепшым бамбардзірам турніру, забіўшы 29 мячоў. Таксама ён стаў лепшым снайперам Еўра-2020 з 5 забітымі мячамі.

«Салават» можа абмяняць Корабава ў «Спартак» на Зубарава

«Салават Юлаеў» і «Спартак» неўзабаве могуць здзейсніць абмен. Уфімскі клуб атрымае Андрэя Зубарава са «Спартака», а наўзамен аддасць беларуса Дзмітрыя Корабава. Адзначаецца, што заробак Корабава амаль у два разы меншы, чым у гульца абароны маскоўскага клуба. У мінулым сезоне Зубараў правёў 58 матчаў у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ і набраў 6 (2 + 4) ачкоў пры карыснасці «-14». Корабаў прыняў удзел у 35 гульнях і адзначыўся сям’ю выніковымі перадачамі. У плэй-оф абаронца адыграў адзін матч.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя