БАТЭ – „Барселона” – 0:2



Барысаўскі БАТЭ ў трэцім туры футбольнай Лігі чэмпіёнаў прайграў „Барселоне” 0:2.

БАТЭ гераічнымі высілкамі вытрымаў першы тайм, не дазволіўшы грозным гасцям забіць. Некалькі разоў браму чэмпіёна Беларусі выратоўваў галкіпер Сяргей Чэрнік.  А вось неўзабаве пасля перапынку бразілец Нэймар чарговы раз сцягнуў на сябе групу абароны і выкаціў мяч пад катапульту Івана Ракіціча – стрэл таго ў „дзевятку” быў неадхільным. Што цікава, харвата не было адразу ў стартавым складзе.

Спакваля беларуская каманда стала губляць канцэнтрацыю. На 64-й хвіліне Нэймар у контратацы зноў заблытаў абарону БАТЭ і вывеў Ракіціча сам на сам з брамнікам – харват элегантнай падсечкай аформіў дубль.

У нашым лігачэмпіёнскім квартэце леверкузенскі „Баер” у змаганні з „Ромай” вельмі хутка выйшаў наперад – 2:0. Голавым дуплетам вызначыўся Хаўер Эрнандэс. Аднак яшчэ да перапынку такім жа макарам адказаў лідар „ваўкоў” Даніэла Дэ Росі – 2:2. А на 54-й хвіліне Міралем П’яніч вывеў наперад гасцей. Пазней „Рома” вызначылася яшчэ раз – стала 4:2 на карысць італійскага клубу. Але ў гэтым вострасюжэтным трылеры гаспадары здолелі адыграцца і вырваць нічыю – выніковыя 4:4 (!).

Становішча ў групе „Е” пасля трох тураў такое: „Барселона” – 7 ачкоў, „Баер” – 4, БАТЭ – 3, „Рома” – 2.

Беларускае Радыё Рацыя