БАТЭ датэрмінова аформіў чэмпіёнства
27-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі мог датэрмінова вызначыць чэмпіёна. Для гэтага барысаўскаму БАТЭ дастаткова было ўзяць ачко ў паядынку з гарадзенскім „Нёманам”. Доўгі час на табло былі нулі. А на 88-й хвіліне Яўген Бярозкін дакладна выстраліў з-за межаў штрафной – бездакорны да гэтага ў сваіх дзеяннях галкіпер Сяргей Курганскі зрэагаваў запозна і яшчэ паслізнуўся. 1:0 на карысць БАТЭ! Чарговае золата для Барысава. Гэта 15-ы чэмпіёнскі тытул БАТЭ.
ФК „Віцебск” у надзвычай прынцыповай сустрэчы прайграў на сваім полі менскаму „Дынама” – 0:1. Важны матч на рахунку харвацкага легіянера Ніна Галавіча. Віцебляне засталіся вельмі незадаволенымі судзействам гэтага матчу.
Берасцейскае „Дынама” адолела „Іслач” – 3:1. Голавы дубль у сустрэчы аформіў Павел Савіцкі. На рахунку лепшага снайпера чэмпіянату стала 15 галоў.
Амаль безнадзейнае становішча магілёўскага „Дняпра” – на сваім полі каманда зноў прайграла – на гэты раз з лікам 0:3 жодзінскаму „Тарпеда”-БелАЗ. „Дняпро” мае толькі 16 пунктаў і адстае ажно на 5 ачкоў ад іншых аўтсайдараў.
Салігорскі „Шахцёр” на выездзе страціў важныя ачкі ў заключным нядзельным матчы з сталічным „Праменем” – 1:1.
Верхняя частка турнірнай табліцы зараз выглядае так:
1. БАТЭ – 69 ачкоў
2. „Шахцёр” – 55
3. „Дынама” (Менск) – 54
4. ФК „Віцебск” – 53
5. „Тарпеда” (Жодзіна) – 50
6. „Дынама” (Берасце) – 48.
Беларускае Радыё Рацыя