БАТЭ гераічна прайшоў у наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў
Барысаўскі БАТЭ гераічнымі высілкамі здолеў прайсці ў наступны 4-ы раўнд кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. На стадыі 3-га раўнду чэмпіёны Беларусі перамаглі мацнейшы клуб Венгрыі “Дэбрэцэн”. На “Барысаў Арэне” падначаленым Аляксандра Ермаковіча належала адыграцца пасля паразы ў першым гасцявым паядынку 0:1. Становішча БАТЭ істотна пагоршылася калі суддзя за падкат брамніка Сяргея Чэрніка прызначыў спрэчны пенальці, які ўпэўнена рэалізаваў сенегалец Сідзібе. Аднак на 38-й хвіліне госці засталіся ў меншасці пасля выдалення Буадлы за дзве жоўтыя карткі. Вельмі хутка пасля гэтага Аляксандар Валадзько хвосткім стрэлам з-за межаў штрафной рэанімаваў надзею барысаўскіх заўзятараў. У другім тайме БАТЭ бесперапынна штурмаваў браму суперніка. На 66-й хвіліне Віталь Радзівонаў скарыстаўся пасам Эдгара Аляхновіча і пратаўкнуў мяч у сетку – 2:1. Ну а шчасце БАТЭ на 92-й хвіліне ўдала падстаўленай пад навес галавой прынёс Сяргей Крывец. У выніку валявая вікторыя 3:1 і далей ідзе БАТЭ, які гарантаваў сабе ўдзел у групавым раўндзе Лігі Еўропы і мае зараз рэальныя шанцы трапіць у асноўны турнір больш прэстыжнай Лігі чэмпіёнаў. Беларускае Радыё Рацыя