БАТЭ і „Партызані” згулялі ўнічыю ў кваліфікацыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў
Футбалісты барысаўскага БАТЭ згулялі ўнічыю 1:1 з албанскім „Партызані” ў першым паядынку стартавага кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў. У пачатку сустрэчы ў Тыране падначаленыя Кірыла Альшэўскага ў асноўным абараняліся, але паступова асвоіліся і правялі некалькі небяспечных контратак. Аднак ні гаспадарам, ні гасцям да перапынку не ўдалося вызначыцца. Не прайшло і 10 хвілін пасля пачатку другой паловы гульні, як барысаўчане выйшлі наперад – дакладны ўдар з межаў штрафной плошчы нанёс Дзмітрый Анцілеўскі. Прапусціўшы мяч, гаспадары пайшлі наперад вялікімі сіламі і неўзабаве Тэдзі Кара аднавіў раўнавагу ў ліку. Матч у адказ БАТЭ і „Партызані” адбудзецца 18 ліпеня на полі ФК „Мезекавешд” у Венгрыі. У выпадку поспеху па суме дзвюх сустрэч з албанскім клубам барысаўчан чакае сустрэча з чэмпіёнам Кіпра „Арысам” з Лімасола. Каб прабіцца ў лік 32 удзельнікаў групавога этапа ЛЧ, трэба пераадолець чатыры кваліфікацыйныя бар’еры.
Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі саступілі „Ротару” ў таварыскім матчы
Футбалісты маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) пацярпелі паразу ад валгаградскага „Ротара” ў таварыскім матчы ў Менску. Пасля гадзіны гульні з прадстаўніком 3-га дывізіёна расійскага чэмпіянату падначаленыя Сяргея Ясінскага саступалі з лікам 0:3, але потым Максім Амельянчук і Кірыл Цапенкоў скарацілі разрыў да мінімуму – 2:3. У пачатку верасня беларуская „маладзёжка” працягне выступы ў адборавым турніры першынства Еўропы 2025 года. У сваім чацвёртым паядынку кваліфікацыйнай групы G беларусы 7 верасня сустрэнуцца з камандай Фарэрскіх выспаў.
Шымановіч і Калашнікава прайгралі ў чвэрцьфінале парнага разраду Уімблдонскага турніру
Беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч і Аксана Калашнікава з Грузіі не змаглі выйсці ў паўфінал парнага разраду Уімблдонскага турніру. У чвэрцьфінале яны саступілі амерыкана-кітайскаму дуэту Каралін Далхайд / Чжан Шуай – 4:6, 1:6.
Андрэй Стась вяртаецца ў мінскае „Дынама”
Такая інфармацыя размешчана ў тэлеграм-канале „Хакейнае варэнне”. „Так, усё праўда — лідэр зборнай Беларусі вяртаецца ў клуб, дзе пачыналася яго ўражлівая кар’ера ў КХЛ! Андрэй абміне легендарных Сяргея Мазякіна і Даніса Зарыпава па колькасці матчаў у лізе! Кантракт на 2 гады!” – гаворыцца ў паведамленні.
Вольга Пальчэўская ўзначаліла валейбольны клуб „Менчанка”
Такая інфармацыя змяшчаецца ў афіцыйных сацсетках ВК „Менск”, у структуру якога ўваходзіць сталічная каманда. Да гэтага, спецыялістка, якая завяршыла ў 2019 годзе спартовую кар’еру, працавала ў трэнерскім штабе „Менчанкі -2”, спачатку памочнікам галоўнага трэнера, а затым і ўзначаліла каманду. За гэты час сталічныя валейбалісткі выйгралі бронзу чэмпіянату і Кубка Беларусі, срэбра і золата Маладзёжнай лігі чэмпіянату Расеі. За гульнявую кар’еру Пальчэўская выступала ў чэмпіянатах Беларусі, Расеі, Польшчы і Азербайджана. Яна з’яўляецца шматразовай чэмпіёнкай Беларусі і прызёрам нацыянальнага першынства, двухразовай уладальніцай Кубка Беларусі, уладальніцай Кубка Выкліку ЕКВ, срэбраным прызёрам Кубка ЕКВ, двухразовым бронзавым прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы.
Вызначыліся чарговыя чэмпіёны Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ
Чарговыя пераможцы і прызёры вызначыліся на чэмпіянаце Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, які праходзіць у Заслаўі. У жанчын на каноэ-адзіночцы на дыстанцыі 200 м перамагла Алена Наздрова. Неаднаразовыя прызёры Алімпійскіх гульняў Марына Літвінчук і Вольга Худзенка выйгралі золата ў вырашальным заездзе байдарак-двоек на 200 м. У мужчынскім фінале спаборніцтваў каноэ-двоек на 200 м чэмпіёнскі тытул заваявалі Аляксандр Зубок і Станіслаў Савельеў. На такой жа дыстанцыі Аляксей Місючэнка стаў чэмпіёнам краіны на байдарцы-адзіночцы.
Беларускае Радыё Рацыя
