БАТЭ і „Шахцёр” – па важкім кроку да золата



23 верасня прайшлі два матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі. Прэтэндэнты на залатыя ўзнагароды не прамінулі скарыстацца асечкай менскага „Дынама” напярэдадні.

Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ дэкласаваў ФК „Слуцк”. Перавага гаспадароў рэалізавалася ў разгромныя 6:0. Хет-трык аформіў форвард Міхаіл Гардзяйчук, які адарваўся ў спісе лепшых снайпераў першынства – усяго 14 галоў. Яшчэ па мячы запісалі на свой баланс Мірка Іваніч, Ігар Стасевіч і Мікалай Сігневіч.

Крыху пазней салігорскі „Шахцёр” таксама з буйным лікам 4:0 перамог „Іслач”. Мячы ў гэтай сустрэчы забілі Піры Сойры, Ігар Бурко, Мікалай Януш і Віталь Лісаковіч.

Наперад зараз у турнірнай табліцы вырваліся салігорцы – у іх 53 ачкі, менскае „Дынама” мае ў актыве 52, БАТЭ – 51. Змаганне за тытул дасягае свайго апагею.

Беларускае Радыё Рацыя