БАТЭ і „Шахцёр” пацвярджаюць статус фаварытаў



У другім туры футбольнага першынства Беларусі галоўныя фаварыты турніру – барысаўскі БАТЭ і салігорскі „Шахцёр” у суботу, 6 красавіка, пацвердзілі свой статус.

Чэмпіён краіны ў Менску не пакінуў нават ілюзорных шанцаў дэбютанту лігі  „Энергетыку-БДУ”. Ігар Стасевіч і Антон Сарока аформілі па голавым дублі і БАТЭ перамог – 4:0. Гэта былі першыя галы гульца нацыянальнай зборнай Сарокі, які раней выступаў за менскае „Дынама”, а пасля за бельгійскі „Локерэн”, за барысаўскую каманду. 

Гарадзенскі „Нёман” пацярпеў жорсткую паразу на сваім полі ад салігорскага „Шахцёра”. Уваход на матч быў дармовым і ў цэлым на ім была пазітыўная атмасфера, тым больш, што ў першым тайме гаспадарам стадыёна ўдавалася стрымліваць атакі салігорцаў.

Але ў другой палове перавага гасцей была выразнай. На 49-й хвіліне гол-прыгажун стварыў сербскі абаронец Нікола Анціч, выстраліўшы пад папярэчыну здалёк. На 60-й албанец Эліс Бакай паспяхова рэалізаваў контратаку „Шахцёра”, а на 67-й прадстаўнік Аўстрыі Дарка Бодул як пад капірку „выпісаў” яшчэ адзін гол „Нёману”. У выніку ўпэўненая вікторыя салігорцаў – 3:0. Усе забітыя мячы на рахунку легіянераў.

Цешыліся госці і ў Слуцку. Там „Гомель” дастаткова нечакага ушчэнт разграміў мясцовы аднайменны клуб – 6:0. Займальна, што спярша хет-трык аформіў расеец Руслан Болаў, а пасля яго „фокус” паўтарыў украінец Віталь Квашук. Выпадак надзвычай рэдкі ў айчынным футболе.

І толькі менскае „Тарпеда” здолела ў суботу дома перамагчы „Іслач” – 1:0. Адзіны мяч на рахунку Аляксандра Джыгеры.

Другі тур завяршыцца двума нядзельнымі матчамі.

Беларускае Радыё Рацыя