БАТЭ і «Шахцёр» згулялі ўнічыю ў матчы чэмпіянату Беларусі



Футбалісты барысаўскага БАТЭ згулялі ўнічыю з салігорскім «Шахцёрам» – 2:2 у цэнтральным матчы 13-га тура чэмпіянату Беларусі. Першы тайм паядынку на полі «Барысаў-Арэны» лепш атрымаўся «Шахцёру», вынікам чаго стаў гол Ігара Іванавіча на 8-й хвіліне. Гаспадары таксама мелі магчымасці дамагчыся поспеху, але не змаглі перайграць абарону салігорцаў на чале з галкіперам Аляксандрам Гутарам. Пасля перапынку барысаўчане зайгралі значна хутчэй, і на зыходзе гадзіны гульнявога часу Павел Няхайчык зраўняў лік – 1:1. Яшчэ праз 17 хвілін гаспадары выйшлі наперад пасля гола Максіма Скавыша, але неўзабаве Дзмітрый Падстрэлаў зноў зрабіў лік нічыйным – 2:2. БАТЭ па-ранейшаму лідыруе, апярэджваючы «Шахцёр» на два ачкі.

Сталічны «Энергетык-БДУ» саступіў на сваім полі бабруйскай «Белшыне» з лікам 0:1

У першым тайме лік не быў адкрыты, а адразу пасля перапынку Леанід Ковель вывеў бабруйчанаў наперад. Гэты гол стаў адзіным. Для «Белшыны» гэта першая перамога ў матчах цяперашняга чэмпіянату. Футбалісты «Віцебска» пасля пяці нічыіх запар здолелі дамагчыся перамогі, абыграўшы на выездзе берасцейскі «Рух» з лікам 1:0. Адзіны гол у гэтай сустрэчы забіў малдаўскі легіянер віцяблянаў Іён Нікалаеску, які вызначыўся на дзясятай хвіліне гульні. Вынікі астатніх матчаў 13-га тура: «Мінск» – «Іслач» – 0:1, «Гарадзея» – «Слуцк» – 3:0, гарадзенскі «Нёман» абыграў на хатняй арэне «Смалявічы» – 2:0, а жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» саступіла дома берасцейскаму «Дынама» – 0:2, «Дынама» сталічнае з мінімальным лікам 1:0 абыграла мазырскую «Славію».

Футбалісткі «Мінска» разграмілі «Нёман» у жаночым чэмпіянаце Беларусі

Футбалісткі «Мінска» разграмілі гарадзенскі «Нёман» з лікам 5:0 у апошнім матчы шостага тура жаночага чэмпіянату Беларусі. Ужо пасля першага тайма мінчанкі выйгравалі 3:0, а ў другой палове вызначыліся яшчэ двойчы. У іншым паядынку сталічная «Зорка-БДУ» перамагла ў Мінску магілёўскі «Днепр» – 2:0. Лідары першынства футбалісткі мінскага «Дынама-БДУФК» святкавалі сваю шостую вікторыю запар, не пакінуўшы шанцаў на поспех гасцям з «Бабруйчанкі» – 7:0.

Вядомы спартовы журналіст распавёў, як яго не пусцілі на матч чэмпіянату Беларусі

Вядомы спартовы каментатар Аляксандр Пуціла заявіў на сваёй старонцы ў Facebook, што яго не пусцілі на матч чэмпіянату Беларусі па футболе паміж «Тарпеда-БелАЗ» і берасцейскім «Дынама». Па словах Пуціла, такое з ім здарылася ўпершыню за 30 гадоў дзейнасці ў спартовай журналістыцы. Пры ўваходзе на стадыён «Тарпеда» яго затрымаў адзін маёр, які затым выклікаў другога. Пасля гэтага на ўваходзе з’явіўся начальнік Жодзінскага РУУС Міхаіл Мурашкін, які сказаў, што журналістам «Белсата» забаронена ажыццяўляць дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. Як распавёў журналіст, не пераканала Мурашкіна і акрэдытацыя, якую Пуціле выдала федэрацыя футбола. Адзначым, што Аляксандр Пуціла, які яшчэ ў 90-я гады вёў перадачы пра беларускі футбол і каментаваў матчы, зʼяўляецца бацькам вядомага блогера Nexta.

«Ягелонія» пасля паразы ад «Пяста» стартуе на сёмым месцы ў чэмпіёнскім раўндзе

У апошнім матчы асноўнага круга польскай футбольнай экстракласы беластоцкая «Ягелонія» саступіла дзеючаму чэмпіёну «Пясту» Глівіцэ 0:2. На 23-й хвіліне быў прызначаны пенальці пасля памылкі абаронцы «Ягі» Зорана Арсэніча, і Пётр Паршышэк выдатна рэалізаваў адзінаццаціметровы. На 83-й хвіліне быў прызначаны другі пенальці ў браму «Ягелоніі». На гэты раз Том Хейтлі надзейна выканаў удар з 11 метраў. Для «Ягелоніі» гэта першая параза ў шасці апошніх матчах. Гульцы беластоцкага клуба пачнуць чэмпіёнскі раўнд на сёмай пазіцыі.

«Рэал» абыграў «Эйбар»

У 28-м туры чэмпіянату Іспаніі «Рэал Мадрыд» вярнуўся ў сезон пераможным матчам з «Эйбарам» 3:1. Каманда Зінедзіна Зідана ўсе свае мячы забіла ў першым тайме: вызначыліся Тоні Крос, Серхіа Рамас і Марсэла. Пасля перапынку «Эйбар» намаганнямі Пэдра Бігаса адыграў адзін гол. Мадрыдцы працягваюць адставаць ад «Барселоны» на два ачкі.

Беларускае Радыё Рацыя