БАТЭ наблізіўся да чарговага чэмпіёнскага тытулу
Барысаўскі БАТЭ дамогся валявой перамогі над менскім „Дынамам” з лікам 2:1 у цэнтральным матчы 23-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе.
Паядынак двух галоўных фаварытаў першынства на полі „Барысаў-Арэны” пачаўся без выведкі – абедзве каманды адразу зрабілі акцэнт на атаку. Лік быў адкрыты на 20-й хвіліне, калі нігерыйскі легіянер менчукоў Кехіндэ Фатаі замкнуў перадачу серба Ураша Нікаліча. Прапусціўшы мяч, гаспадары трывала завалодалі ініцыятывай і стварылі некалькі небяспечных сітуацый каля брамы Андрэя Гарбунова, але перайграць яго не змаглі. Гэта адбылося праз 9 хвілін пасля перапынку, калі шыкоўны ўдар з дыстанцыі атрымаўся ў Станіслава Драгуна – 1:1. Сімвалічна і нават містычна, што ішла якраз 53-я хвіліна – у гэты час на стадыёне былі апладысменты ў памяць Анатоля Капскага (ён памёр на 53-ім годзе жыцця). У далейшым барысаўцы таксама дамінавалі і на 78-й хвіліне Дзяніс Палякоў забіў пераможны гол. Адрыў барысаўчан ад „Шахцёра” і менскага „Дынама” зараз складае ўжо 12 ачкоў.
Футбалісты берасцейскага „Дынама” разграмілі у хатнім матчы «Слуцк» 4:0, па два галы ў свой актыў запісалі Джоэл Фамейе і Арцём Быкаў. Жодзінскае “Тарпеда” адолела ФК “Віцебск” 2:0.
Тур скончыцца сёння матчам у Гародні паміж „Нёманам” і „Гомелем”.
Беларускае Радыё Рацыя