БАТЭ не меў шанцаў у Лондане



Барысаўскі БАТЭ прайграў у гасцявым матчы групавога этапа Лігі Еўропы лонданскаму «Чэлсі» з лікам 1:3.

«Чэлсі» магутна пачаў матч. Ужо на другой хвіліне лік адкрыў Лофтус-Чык, які замкнуў перадачу з правага флангу. Неўзабаве ён жа падвоіў перавагу гаспадароў, дакладна прабіўшы ў далёкі кут пасля падачы кутняга. «Чэлсі» вырашыў сваю задачу ўжо на восьмай хвіліне – 2:0, але працягваў атакаваць. У БАТЭ ж нядрэнны тайм супраць старых знаёмых, сярод якіх яго былы аднаклубнік Сэск Фабрэграс, правёў вопытны Аляксандр Глеб. Канчаткова ўсе пытанні былі знятыя на 54-й хвіліне, калі ўсё той жа Лофтус-Чык аформіў хет-трык дзякуючы дакладнаму ўдару з 20 метраў. Адзначым, што ў чэмпіянатах Англіі гэты паўабаронца забіў усяго тры галы за два сезоны.

Пасля гэтага «Чэлсі», якому ўжо ў нядзелю днём гуляць у Прэм’ер-лізе, раслабіўся, чым скарыстаўся БАТЭ. Барысаўчане правялі добры адрэзак, а Аляксей Рыас пасля падачы Ігара Стасевіча з левага фланга забіў гол прэстыжу 3:1.

У іншым матчы групы «Відзі» сенсацыйна абыграў у гасцях ПАОК – 2:0. Такім чынам, пасля першага кругу спабору ажно тры каманды набралі па тры ачкі. Пры гэтым па дадатковых паказчыках БАТЭ займае апошняе месца. Наперадзе з 9 ачкамі „Чэлсі”.

Сярод іншых вынікаў гульнявога дня адзначым выязную перамогу кіеўскага „Дынама”  ў французскага „Рэна” 2:1, „Астана” з Іванам Маеўскім згуляла ўнічыю з „Яблонецам” – 1:1. Лонданскі „Арсенал”  ў Лісабоне перамог партугальскі „Спортынг” 1:0.  „Краснадар” Аляксандра Мартыновіча саступіў „Стандарду”, прапусціўшы вырашальны мяч ў дадатковы час 1:2, „Севілья” разграміла „Акхісарспор” — 6:0.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя