БАТЭ не ўтрымаў перамогу над „Віцебскам”
Барысаўскі БАТЭ не ўтрымаў перамогу ў гасцявым матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі з футбалістамі „Віцебска”, завяршыўшы сустрэчу унічыю.
Абодва галы барысаўчане забілі пасля памылак галкіпера гаспадароў Дзмітрыя Гушчанкі. На 14-й хвіліне сустрэчы вызначыўся Павел Няхайчык, а пасля перапынку на зыходзе гадзіны гульнявога часу вынік падвоіў Станіслаў Драгун. Віцябляне прыклалі нямала намаганняў, каб адыграцца, і гэта ім удалося – на 79-й хвіліне Сяргей Волкаў пасля памылкі брамніка БАТЭ Антона Чычкана скараціў разрыў, а яшчэ праз 10 хвілін Аляксандр Ксенафонтаў зраўняў лік – 2:2. Аўтсайдэры чэмпіянату футбалісты бабруйскай „Белшыны” саступілі на сваім полі менскаму „Дынама” з лікам 0:4. Госці выйшлі наперад ужо на 5-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Уладзіслава Клімовіча. За некалькі секунд да заканчэння першай паловы сустрэчы найгрубейшую памылку дапусціў галкіпер бабруйчанаў Сяргей Туранок, пасля якой Даніла падвоіў перавагу менчан. Неўзабаве пасля перапынку брамнік гаспадароў ізноў згуляў няўдала і Міха Гарапевшэк забіў трэці гол, а затым Кірыл Вяргейчык усталяваў канчатковы лік. „Белшына” застаецца адзінай камандай, якая не атрымала ніводнай перамогі ў цяперашнім першынстве. У Салігорску мясцовы „Шахцёр” перайграў сталічны „Энергетык” -БДУ – 1:0. Адзіны мяч забіў форвард Віталь Лісаковіч.
Гульні чэмпіянату Іспаніі пачнуцца з хвіліны маўчання ў памяць аб ахвярах COVID-19
Матчы першага і другога дывізіёнаў чэмпіянату Іспаніі, правядзенне якіх у бліжэйшы час адновіцца пасля паўзы, выкліканай пандэміяй каронавіруса, пачнуцца з хвіліны маўчання ў памяць аб ахвярах захворвання, паведамляе прэс-служба Каралеўскай іспанскай футбольнай федэрацыі. Сезон у вышэйшым дывізіёне адновіцца 11 чэрвеня, у першым матчы пасля паўзы сустрэнуцца „Севілья” і „Беціс”. „Барселона” ўзначальвае турнірную табліцу „Прымеры”, набраўшы 58 ачкоў пасля 27 гульняў. На другім месцы знаходзіцца мадрыдскі „Рэал” (56 ачкоў пасля 27 гульняў), на трэцім – „Севілья” (47 ачкоў пасля 27 матчаў).
Конар Макгрэгар абвясціў аб завяршэнні кар’еры
Экс-чэмпіён UFC у двух дывізіёнах Конар Макгрэгар у чарговы раз абвясціў, што завяршыў кар’еру. «Прывітанне, хлопцы. Я вырашыў завязаць з баямі. Дзякуй усім вам за гэтыя дзіўныя ўспаміны. Гэта было крута», – сказаў Конар. Гэта ўжо трэці раз, калі Макгрэгар аб’яўляе аб сыходзе са спорту. У апошнім паядынку ён накаўтаваў Дональда Серонэ ў першым раўндзе на турніры UFC 246.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ua-football.com