БАТЭ перамог у Глівіцах 2:1



17 ліпеня ў Глівіцах прайшоў матч у адказ першага кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж польскім „Пястам” і беларускім БАТЭ з Барысава. Напомнім, што ў першым паядынку была зафіксаваная нічыя – 1:1. Чэмпіён Беларусі пасля барысаўскага матчу страціў у складзе траўмаванага абаронцу Ягора Філіпенку і з-за выдалення аднога з лідараў Станіслава Драгуна. 

Фанаты „Пяста” аформілі сваю трыбуну ў сяброўска вітальным стылі.

У Глівіцах клубы выставілі наступныя стартавыя склады:

„Пяст”: Плах — Пятроўскі (капітан), Чэрвіньскі, Корун, Кіркескаў — Канчоўскі, Дзічэк, Хейтэлі, Валенсія, Фелікс — Пажышэк. БАТЭ: Чычкан — Рыас, Волкаў, Сімавіч, Філіпавіч — Бага, Яблонскі, Бярозкін, Стасевіч (капітан) — Скавыш, Туомінен. Дэбют сустрэчы праходзіў пры дамінацыі гасцей – БАТЭ высока прэсінгаваў і імкнуўся дзеіць з пазіцыі сілы. Некалькі свісткоў на карысць беларускага клуба несправядліва не даў фінскі арбітр Анці Мунука. Аднак рэальна вострых момантаў ля брамы Плаха барысаўцам стварыць не ўдалося.

На 21-й хвіліне „Пяст” арганізаваў першую талковую атаку і адразу дамогся поспеху – пасля выдатнага навесу Валенсіі ў штрафную Пётр Чэрвіньскі галавой пераправіў мяч у сетку – 1:0.

Далей ішла роўная зацятая барацьба, аднак да перапынку асабліва яркіх падзей на полі не здарылася.

У другім тайме БАТЭ доўга не мог стварыць нічога істотнага. Час ішоў, а ўдараў па браме „Пяста” па-ранейшаму не было. Толькі на 61-й хвіліне Максім Скавыш прарваўся на вастрыё, але завяршальны стрэл выйшаў няўдалым. На 79-й хвіліне Міліч біў па браме „Пяста”, але зноў не патрапіў у „рамку”. Гаспадары поля абараняліся вельмі пісьменна, кампактна і дазвалялі футбалістам БАТЭ зусім няшмат.

Аднак на 81-й хвіліне БАТЭ, як і ў першым матчы, удалося адыграцца. Неманья Міліч, які выйшаў на замену, зарабіў пенальці. Пры тым галкіпер Францішак Плах атрымаў жоўтую картку. 11-мятровы тэхнічна рэалізаваў яшчэ адзін рэзервіст-легіянер БАТЭ Эрвейн Мукам – 1:1.

А на 87-й хвіліне здарыўся кардынальны пераварот. БАТЭ атрымаў права на штрафны – Ігар Стасевіч „выразаў” мяч у брамніцкую суперніка, а абаронец Захар Волкаў галавой даслаў мяч у сетку – 1:2

Такім чынам беларускі клуб, выявіўшы неверагодны мінімалізм у стварэнні момантаў, выйшаў ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў. Там БАТЭ сустрэнецца з моцным нарвежскім „Русенборгам”.

Беларускае Радыё Рацыя

фота Прессбол