БАТЭ прабіўся ў плэй-оф Лігі Еўропы



Барысаўскі БАТЭ зноў парадаваў айчынных заўзятараў футболу. У вырашальным матчы групавога турніру Лігі Еўропы чэмпіён Беларусі ў апошнім туры ўзяў рэванш у грэцкага ПАОКа з лікам 3:1. У выніку БАТЭ з другога месца прабіўся ў плэй-оф.

Напомнім, што БАТЭ гарантавана выводзіла ў наступны раўнд толькі перамога. Пры належным раскладзе ў паралельным матчы венгерскага „Відзі” і ангельскага „Чэлсі” барысаўцаў магла задаволіць і нічыя. Аднак флагман айчыннага футболу сам вырашыў свой лёс з пазіцыі сілы. Гэта не так часта здараецца з беларускімі спартоўцамі ў гульнёвых відах, таму чацьвярговая вікторыя БАТЭ мае асаблівы прысмак і радасць.

У Салоніках усё вырашыў першы тайм. БАТЭ тройчы тарпедаваў браму суперніка. Лік на 18-й хвіліне адкрыў Максім Скавыш, які досыць нечакана выйшаў у стартавым складзе гасцей. На 42-й хвіліне Ігар Стасевіч зарабіў пенальці, які рэалізаваў Мікалай Сігневіч. Прыкметна, што раней Сігневіч ніколі не выконваў 11-мятровыя ў еўракубках. Не біў Сігневіч пенальці нават і ў чэмпіянатах Беларусі. Але гэта быў сапраўды дзень гэтага форварда. А ў даданы да першай паловы да гульні час Стасевіч здзейсніў асістэнцкі хет-трык – Сігневіч пры тым аформіў голавы дубль.

У другім тайме Сігневіч зарабіў яшчэ выдаленне на 61-й хвіліне, стаўшы самым прыкметным гульцом сустрэчы. Непасрэдна перад гэтым ПАОК здолеў адыграць адзін мяч. Але большага БАТЭ супернікам не дазволіў. У выніку бліскучая перамога беларускага чэмпіёна!

БАТЭ выступіў у гэтым вырашальным паядынку ў такім складзе: Шчарбіцкі — Рыас, Волкаў, Палякоў, Філіпавіч — Бага, Драгун (Яблонскі, 88), Іваніч — Скавыш (Гардзяйчук, 83), Сігневіч, Стасевіч (капітан). У паралельным матчы „Відзі” гераічна, але безнадзейна змагаўся з „Чэлсі” – каманды разышліся парытэтам 2:2.

Такім чынам выніковае становішча групы L такое: . 1. „Чэлсі”16 ачкоў, 2. БАТЭ9, 3. „Відзі” – 7, 4. ПАОК – 3.

Наступная стадыя розыгрышу Лігі Еўропы – 1/16-я фіналу пройдзе ўжо ў 2019 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя