БАТЭ прайграў, „Крумкачы” нарэшце выйгралі



26 траўня прайшлі чарговыя матчы 10 тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Менскія „Крумкачы” перапынілі няўдалую серыю матчаў, дамогшыся вікторыі над „Іслаччу” – 2:0. Абодва галы былі зафіксаваныя ў першым тайме: на 22-й хвіліне вызначыўся Аляксандр Бацішчаў, а на 36-й лік падвоіў Філіп Іваноў.

Гарадзенскі „Нёман” наадварот абарваў сваю пераможную серыю. Гарадзенцы не вытрымалі іспыту ў Гарадзеі, саступіўшы аднайменнаму клубу – 0:1. Адзіны мяч быў забіты адразу пасля перапынку з пенальці – сваё імя на табло засвяціў Дзмітрый Лебядзеў.

Чэмпіён краіны – барысаўскі БАТЭ, які ніяк не можа знайсці ранейшую трывалую гульню, нечакана прайграў у Віцебску – 0:1. Фіяска спасцігла барысаўцаў пад самы фінальны свісток – гол на балансе Антона Матвеенкі.

Верхняя частка турнірнай табліцы выглядае зараз так: 1. „Шахцёр” (Салігорск) – 23 ачкі, 2. БАТЭ -20, 3. „Дынама” (Менск) – 19, 4. „Нёман” – 17, 5. ФК „Слуцк” – 17. Менскія „Крумкачы” набралі 11 ачкоў і перамясціліся на 11-ы радок.

Беларускае Радыё Рацыя