БАТЭ прайграў „Мінску” ў чэмпіянаце Беларусі



Барысаўскі БАТЭ прайграў футбалістам ФК „Мінск” у чэмпіянаце Беларусі. У перанесеным хатнім паядынку 18-га тура барысаўчане прапусцілі першы мяч на 25-й хвіліне гульні пасля дакладнага ўдару Арсенія Мігдаленкі. Неўзабаве пасля перапынку Дзяніс Лапцеў зраўняў лік, але на 4-й кампенсаванай хвіліне Цімафей Мартынаў прынёс перамогу „Мінску” – 2:1.

„Барселона” перамагла „Шахцёр” у Лізе чэмпіёнаў, „Мансіці” таксама не губляе ачкі

У групавым раундзе футбольнай Лігі чэмпіёнаў завяршаюцца паядынкі першага раўнда. Лідэры папярэдняй групы Н футбалісты іспанскай „Барселоны” абыгралі на сваёй арэне данецкі „Шахцёр” з лікам 2:1. У першым тайме адзначыліся Феран Торэс і Фермін Лопес, а пасля перапынку Георгій Судакоў адыграў адзін мяч. Для „Барсы” гэта трэцяя перамога ў трох праведзеных паядынках. Да гэтага каталонскі клуб разграміў бельгійскі „Антвэрпэн” 5:0 і на выездзе адолеў партугальскі „Порту” 1:0. Партугальцы з хет-трыкам Эванілсана напярэдадні ў гасцях разбілі „Антвэрпэн” 4:1.

„Манчэстэр Сіці” як і „Барселона” без стратаў прайшоў першы круг Лігі чэмпіёнаў. У паядынку 3-га тура папярэдняй групы G дзеючыя ўладальнікі трафея дзякуючы дублю Холанда перамаглі ў Берне швейцарскі „Янг Бойз” з лікам 3:1. З такім жа лікам нямецкі „Лейпцыг” абыграў на сваім полі сербскую „Црвену Звезду”.
У групе F ПСЖ разграміў „Мілан” 3:0, а „Барусія” на выездзе забрала тры ачкі ў „Ньюкасла” 1:0.

У квартэце Е нідэрландскі „Феенаорд” абыграў у Ратэрдаме італьянскі „Лацыа” 3:1. Галявы дубль у гэтай сустрэчы аформіў Санцьяга Хіменэс. Шатландскі „Селтык” ў Глазга разам з іспанскім „Атлетыка” парадавалі заўзятараў чатырма галамі і завяршылі паядынак унічыю 2:2.

„Мінск” пацярпеў шостую паразу ў гульнях Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты „МІНСКА” зноў прайгралі ў паядынку Адзінай лігі ВТБ. У матчы ў Маскве з лідэрам рэгулярнага чэмпіянату ЦСКА мінчане саступілі з лікам 84:112. У складзе гасцей самым выніковым стаў Данііл Коска, у актыве якога 22 ачкі. Для армейцаў гэта шостая вікторыя запар, а для каманды Расціслава Вергуна шостае фіяска ў шасці праведзеных сустрэчах. Свой наступны паядынак чэмпіёны Беларусі таксама правядуць у расійскай сталіцы – 2 лістапада іх чакае гульня з дэбютантам „банкаўскага” турніру „Рунай”.

Беларускія барцы вольнага стылю засталіся без узнагарод маладзёжнага чэмпіянату свету

У сталіцы Албаніі Тыране працягваецца чэмпіянат свету па барацьбе сярод атлетаў да 23 гадоў, удзел у якім у нейтральным статусе бяруць беларускія спартоўцы. У стартавыя дні спаборніцтваў 24-25 кастрычніка медалі ў дзесяці вагавых катэгорыях разыгралі барцы вольнага стылю. Сярод беларусаў далей за ўсіх па сваіх турнірных сетках прайшлі Іван Грамыка ў вазе да 61 кг і Дзмітрый Дзенісеня ў катэгорыі да 79 кг. Абодва спартоўцы дабраліся да паўфіналаў, у якіх саступілі, з прычыны чаго адправіліся ў сутычкі за бронзавыя медалі, дзе таксама пацярпелі паразы. У бліжэйшыя два дні наймацнейшых таксама ў дзесяці катэгорыях вызначаць дзяўчаты.

Беларускае Радыё Рацыя