БАТЭ прайшоў у паўфінал Кубка Беларусі



14 сакавіка на „Барысаў-Арэне” адбыўся паядынак адных з наймацнейшых каманд Беларусі – барысаўскага БАТЭ і менскага „Дынама”. Матч скончыўся перамогай гаспадароў з лікам 3:2.

Гэта – ужо другая перамога падапечных Кірыла Альшэўскага: у сталіцы яны адолелі супернікаў з лікам 2:1. Такім чынам, у выніку агульнага ліку 5:3, барысаўчане прабілі сабе выхад у паўфінал Кубка Беларусі.

Аднак у першым тайме здавалася, што дынамаўцы забяруць пуцёўку ў 1/2 сабе. Былы гулец БАТЭ Аляксей Рыас двойчы скарыў вароты гаспадароў. Але Дзмітрый Бага і Ягор Філіпенка змаглі зраўняць лік.

У другім тайме, пасля напружанай барацьбы, на 72-й хвіліне гульні дынамавец Іван Бахар здолеў вырваць гол, аднак суддзі зафіксавалі афсайд. А праз 12 хвілін форвард БАТЭ Максім Скавыш закінуў трэці гол у брамы бела-сініх, які і стаў вырашальным у паядынку. 

БАТЭ – Дынама-Мінск – 3: 2 

БАТЭ: Чычкан – Філіпавіч, Капітавіч, Філіпенка, Насціч, Драгун, Бага, Стасевіч (к) (Бяссмертны, 89), Міліч (Няхайчык, 67), Вілюмсан, Сарока (Скавыш, 74). Запасныя: Свірскі, Яблонскі, Бярозкін, Волкаў. Дынама-Мінск: Рудзянок, Швяцоў, Дзінга, Паўлоўскі, Шыкаўка (Біланог, 68), Даніла, Кім Чжу Ен (Бахар, 54), Клімовіч (Барадзін, 86), Рыас, Аляхновіч (к), Сухоцкі. Запасныя: Шпакоўскі, Чыж, Бручыч, Радзівонаў. Галы: 0:1 – Рыас (10, пас – Шыкаўка). 1:1 – Бага (21, пас – Міліч). 1:2 – Рыас (43, пас – Даніла). 2:2 – Філіпенка (45 + 1, пас – Стасевіч). 3:2

Першы матч – 2: 1.

Статыстыка: pressball.by

У паўфінал таксама прабіўся салігорскі „Шахцёр” (цяперашні ўладальнік Кубка), які два разы перайграў жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” – 1:0 (у гасцях) і 2:0 (дома). А мазырская „Славія” атрымала пуцёўку ў паўфінал праз расфарміраванне магілёўскага клуба „Дняпро”. 

15 сакавіка стане вядомы апошні паўфіналіст Кубка. У матчы на стадыёне ФК „Мінск” сустрэнуцца „Іслач” (Менскі раён) і цяперашні чэмпіён краіны берасцейскае „Дынама”. У Берасці 10 сакавіка яны згулялі ўнічыю – 0:0.

Першыя гульні паўфінала Кубка Беларусі запланаваны на 8 і 9 красавіка, матчы ў адказ – 29 красавіка. А 24 мая на стадыёне „Дынама” вызначыцца сёлетні пераможца турніру.

zviazda.by