БАТЭ – „Пяст” – 1:1 і любоў заўзятараў
У першым кваліфікацыйным раўндзе футбольнай Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ на сваёй арэне сустрэўся з чэмпіёнам Польшчы – „Пястам” з Глівіцаў. Цікава, што фанаты гэтых клубаў маюць устойлівыя сяброўскія сувязі і падтрымліваюць адны адных. На трыбуне Барысаў-Арэны з’явіўся нават вялізны банер „Сяброўства вышэй за перамогу”. Да ўсяго заўзятары ўзаемна скандавалі назвы каманд-спаборнікаў.
Каманды выставілі такія стартавыя склады:
БАТЭ: Чычкан, Філіпавіч, Яблонскі, Драгун, Дубаіч, Рыас, Філіпенка, Стасевіч (капітан), Волкаў, Бага, Мукам. „Пяст”: Плах, Кіркескаў, Чэрвіньскі, Пятроўскі (капітан), Хэйтэлі, Пажышэк, Дзічэк, Фелікс, Валенсія, Канчкоўскі, Корунь. Першыя 20 хвілін выразна дамінавалі госці, якія стварылі пару вострых момантаў. У пасіве БАТЭ былі таксама жоўтая картка і траўма Ягора Філіпенкі, які не здолеў працягнуць гульню. Яго замяніў Слабадан Сімавіч. А чэмпіён Беларусі быў змушаны зрабіць пазіцыйныя перастаноўкі.
Толькі на 26-й хвіліне БАТЭ здолеў арганізаваць першую атаку, якая прывяла да кутняга. Аднак, яго розыгрыш не прывёў да вастрыні. У цэлым жа гульня БАТЭ глядзелася зусім блякла.
На 33-й хвіліне пасля пасу Станіслава Драгуна Ігар Стасевіч мог забіваць, але прамарудзіў з завяршальным ударам. А праз дзве хвіліны ледзь не здарыўся самастрэл ужо ў браму гаспадароў поля. І ўсё ж на 36-й хвіліне „Пяст” дамогся заслужанага голу – Андрэя Чычкана „расстрэльвалі” двойчы пры поўнай здранцвеласці барысаўскіх абаронцаў – урэшце Пётр Пажышэк галавой пераправіў мяч у сетку – 0:1.
У другім тайме БАТЭ імкнуўся пераламаць хаду гульні. Гэта прывяло да некалькіх жоўтых картак, адрасаваных арбітрам футбалістам гасцей. У атацы барысаўцаў інертнага Бояна Дубаіча замяніў іншы форвард – Максім Скавыш.
На 64-й хвіліне БАТЭ ўдалася ўзорная атака. „Шпільмахер” чэмпіёнаў Беларусі Стасевіч здзейсніў дзёрзкі рэйд па прпавым фланзе і без маруджання прастрэліў у штрафную, дзе Станіслаў Драгун більярдным ударам ад штангі паклаў мяч у самы кут – 1:1.
У канцоўцы сустрэчы БАТЭ спасцігла яшчэ адна страта – за другую жоўтую картку з поля быў выдалены Драгун, які прапусціць важнейшую гульню ў Глівіцах.
Такім чынам сустрэча завяршылася з лікам 1:1 і цяпер агульны зыход спабору вырашыцца праз тыдзень у Польшчы. У гісторыі ранейшых спатканняў беларускія клубы дастаткова паспяхова гулялі з польскімі ў гасцях. Агульнае ж уражанне пасля першага матчу такое, што фаварытам можна лічыць „Пяст”.
Хельмут Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя
фота Прессбол