БАТЭ разгромна прайграў дома ПАОКу
У чарговым матчы групавога турніру Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ на сваёй арэне разгромна саступіў грэцкаму клубу ПАОК – 1:4.
Чэмпіёнаў Беларусі дома чакаў сапраўдны канфуз. Ужо да 17-й хвіліны ў браму Дзяніса Шчарбіцкага заляцелі ажно тры (!) мячы. У БАТЭ зусім праваліўся правы фланг, абаронцы гаспадароў памыляліся як дзеці, чым карысталіся футбалісты ПАОКа.
У другім тайме БАТЭ спрабаваў ратаваць рэпутацыю. Крыху ажывіў гульню выхад на поле Максіма Скавыша. Менавіта яго высілкамі барысаўцы дамагліся голу на 61-й хвіліне. Аднак, гэта быў толькі лакальны поспех. На 73-й хвіліне ПАОК зноў давёў лік да буйнага – 4:1.
У гэтай жа групе лонданскі „Чэлсі” на сваім полі сціпла адолеў венгерскі „Відзі” – 1:0. Пасля двух тураў лонданцы з 6 ачкамі захапілі лідарства ў квартэце. ПАОК і БАТЭ маюць па 3 пункты, „Відзі” без ачкоў.
У наступных двух турах БАТЭ згуляе з „Чэлсі”.
Беларускае Радыё Рацыя