БАТЭ – „Црвена звезда” – шэрая „нулёўка”
Барысаўскі БАТЭ і бялградская „Црвена звезда” згулялі надзвычай шэры матч у Лізе Еўропы. Беларускі флагман адставаў перад гэтай сустрэчай ад балканцаў на ачко, таму мусіў імкнуцца да перамогі і атакаваць. Аднак, выразнай асэнсаванай гульні БАТЭ ў гэты вечар не паказаў.
Госці нават былі бліжэй да поспеху, але ў цэлым гульня абодвух клубаў расчаравала. У выніку заканамерныя 0:0 на табло пасля фінальнага свістка.
У паралельным матчы нямецкі „Кёльн” перамог на сваім полі брытанскі „Арсенал” – 1:0.
Такім чынам БАТЭ апынуўся зараз на апошнім месцы ў групе. Каб выйсці ў плэй-оф, барысаўцам трэба перамагаць у апошнім туры на выездзе ў Лондане і спадзявацца на нічыю ў сустрэчы „Црвены звезды” з „Кёльнам”.
Група „Н”: Арсенал — 10 ачкоў, Црвена Звезда — 6, Кёльн — 6, БАТЭ — 5.
Беларускае Радыё Рацыя