БАТЭ ў кваліфікацыі Лігі канферэнцый выйграў у батумскага „Дынама”
У матчы кваліфікацыі футбольнай Лігі канферэнцый БАТЭ на выездзе выйграла ў батумскага „Дынама” з лікам 1:0, дзякуючы голу Паўла Няхайчыка на 83-й хвіліне. Пасля забітага гола футбаліст пабег да беларускіх заўзятараў, якія прынеслі вялізны бел-чырвона-белы сцяг. Іншым беларускім клубам у другім адборавым раўндзе Лігі канферэнцый пашанцавала менш. „Тарпеда-БелАЗ” у сустрэчы з „Капенгагенам” прайграла з разгромным лікам 1:4. А берасцейскае „Дынама” прайграла пльзеньскай „Вікторыі” — 1:2.
Футбалісты салігорскага „Шахцёра” прайгралі люксембургскаму клубу „Фола” з лікам 1:2 у першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі канферэнцый. Гуляючы ў венгерскім Мішкольцы чэмпіёны Беларусі ўжо ў першым тайме прапусцілі два мячы. У сярэдзіне другой паловы сустрэчы Ігар Стасевіч скараціў разрыў у ліку, але большага „Шахцёру” дамагчыся не ўдалося. Пасля матчу галоўны трэнер салігорцаў Раман Грыгарчук пакінуў сваю пасаду галоўнага трэнера салігорскага „Шахцёра”.
Беларускія баскетбалісты прайгралі венграм у розыгрышы Кубка выкліку
Баскетбалісты моладзевай зборнай Беларусі паразай завяршылі групавы этап розыгрышу Кубка выкліку ў венгерскім Шапроне. У заключным матчы групавога этапу падначаленыя Георгія Кандрусевіча саступілі камандзе Венгрыі з лікам 71:93. Самым выніковым у складзе беларусаў стаў Данііл Барысевіч, які набраў 15 ачкоў. Да гэтага ў папярэдняй групе Е беларускія баскетбалісты перамаглі равеснікаў з Косава – 101:60 і Славакіі – 71:64, у выніку заняўшы другое месца ў групе ўслед за венгерцамі. 24 ліпеня ў паўфінале беларусы сустрэнуцца са швейцарцамі.
Беларуская вяслярка Таццяна Клімовіч выйшла ў чвэрцьфінал алімпійскай рэгаты
Майстры акадэмічнага веславання першымі з беларускай каманды пачалі спрэчку за алімпійскія ўзнагароды ў Токіо. У гонках жаночых адзіночак ураджэнка Добрушскага раёна Таццяна Клімовіч стартавала ў кваліфікацыйным заездзе і заняла ў адным з іх 2-е месца. Акрамя Таццяны Клімовіч ў гэтым выглядзе спорту Беларусь прадстаўляюць Алена Фурман і Іна Нікуліна ў гонках двоек парных лёгкай вагі, а таксама Дзмітрый Фурман і Сяргей Валадзько, якія выступаюць у стартах мужчынскіх двоек ворных. Яны пачнуць выступы з 24 ліпеня.
Сёння ж летнія Алімпійскія гульні афіцыйна адкрыюцца на Нацыянальным стадыёне ў Токіо. Пачатак урачыстай цырымоніі ў 14 гадзін па беларускім часе. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй на трыбунах арэны, якая змяшчае 80 тысяч гледачоў будуць прысутнічаць усяго 950 чалавек. Усе яны – афіцыйныя асобы дэлегацый.