БАТЭ ўзяў срэбра чэмпіянату краіны па футболе
28 лістапада завяршылася чарговае першынства краіны па футболе. Апошні тут вырашаў некалькі ключавых пытанняў. Чэмпёнам Беларусі задоўга да канца стаў салігорскі „Шахцёр”. На серабро і бронзу да апошняга прэтэндавалі барысаўскі БАТЭ і менскае „Дынама”.
У выніку другім фінішаваў БАТЭ, які на сваім полі адолеў ФК „Віцебск” – 4:0. Менскія дынамаўцы не здолелі выйграць у Мазыры – 0:0 з мясцовай „Славіяй”. Гэта азначае, што мазырскія футбалісты занялі выніковае 14-е месца і цяпер будуць змушаны ў пераходных сустрэчах з менскімі „Крумкачамі” аспрэчваць сваё месца ў вышэйшым дывізіёне.
Такога пазбеглі гарадзенскі „Нёман”, які ў апошняй сустрэчы перамог дома жодзінскае „Тарпеда”-БелАЗ – 3:1, і сталічны „Энергетык”-БДУ, які разабраўся з „Іслаччу” – 4:0.
Чацвёртую пазіцыю захаваў ФК „Гомель”, які цягам сезона паказваў хіба найбольш сімпатычную гульню ў беларускім чэмпіянаце. У апошнім туры гомельскія футбалісты ў Салігорску адолелі нематываваны „Шахцёр” – 1:0.
Выніковая табліца чэмпіянату выглядае так:
1.”Шахцёр” (Салігорск) – 75 ачкоў
2. БАТЭ (Барысаў) – 65
3. „Дынама” (Менск) – 62
4. ФК „Гомель” – 59
5. „Рух” (Берасце) – 58
6. „Дынама” (Берасце) – 38
7. ФК „Віцебск” – 37
8. „Тарпеда” (Жодзіна) – 36
9. ФК „Слуцк” – 35
10. „Іслач” (Менскі раён) – 34
11. „Нёман” (Гародня) – 34
12. ФК „Мінск” – 33
13. „Энергетык”-БДУ (Менск) – 33
14. „Славія” (Мазыр) – 32
15. „Смаргонь” – 21
16. „Спадарожнік” (Рэчыца) – 7
Беларускае Радыё Рацыя