БАТЭ выбіў „Нёман”
Вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі футбольнага Кубку Беларусі. У другой палове дня пуцёўкі туды заваявалі барысаўскі БАТЭ і салігорскі “Шахцёр”.
БАТЭ прыехаў у Гародню, маючы мяч у запасе пасля першай гульні. Канчаткова інтрыгу дуэлі зняў на 48–й хвіліне форвард Віталь Радзівонаў. Міхаіл Гардзяйчук на 55-й замацаваў перавагу барысаўцаў. А ў канцоўцы нёманцы крыху падсаладзілі горыч паразы – пасля падавання кутняга ўдалым быў малады Павел Забелін. У выніку 2:1 на карысць БАТЭ.
Салігорскі “Шахцёр” таксама не меў асаблівых праблемаў у гульні з мікашэвіцкім “Гранітам”. У першай сустрэчы было 0:0. На 17-й хвіліне паядынку ў адказ Старгародскі рэалізаваў пенальці, а ў другім тайме лепшы бамбардзір мінулагодняга чэмпіянату Мікалай Януш вызначыўся голавым дублем. 3:0 – і далей упэўнена прайшлі салігорцы.
Такім чынам у паўфінал Кубку Беларусі выйшлі менскае і берасцейскае “Дынама”, БАТЭ і “Шахцёр”.
Беларускае Радыё Рацыя