БАТЭ выйшаў у 3-ці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Барысаўскі БАТЭ, скончыўшы першы паядынак 2-га кваліфікацыйнага раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў на сваім полі 1:1 з армянскім „Алашкертам”, быў змушаны абавязкова забіваць у гасцях. Цікава, што Белтэлерадыёкампанія не дамовілася з сваімі армянскімі калегамі пра мажлівасць трансляцыі – армяне выставілі рахунак на круглую суму, якую „пацягнуць” беларусы не здолелі.
18-га ліпеня на 18-й хвіліне чэмпіён Беларусі прапусціў мяч – у армянскага клуба вызначыўся сербскі нападнік Ураш Ненадавіч. БАТЭ неўзабаве адыграўся – на 23-й хвіліне трапна здалёк выстраліў наш форвард Міхаіл Гардзяйчук. Ён жа скарыстаўся пасам Мікалая Сігневіча і, прадраўшыся праз цэнтр на 39-й хвіліне, аформіў дубль. Тым самым Гардзяйчук узняўся ў дзясятку лепшых беларускіх еўракубкавых бамбардзіраў – у яго стала 9 забітых мячоў.
У другім тайме БАТЭ джаліў на контратаках і адна з іх на 78-й хвіліне завершылася голам – брамнік „Алашкерта” не даў рады ўдару Максіма Валадзько. Пасля гэтага армянскія гледачы сталі пакідаць стадыён. Выніковыя 3:1 на карысць БАТЭ.
Прыемна, што чэмпіён Беларусі гуляў у гэты дзень у кашульках з беларускім напісаннем прозвішчаў. Такім чынам БАТЭ выйшаў у наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў і забяспечыў сабе як мінімум чатыры еўракубкавыя сустрэчы. Калі беларуская каманда не выйдзе ў чацвёрты раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, то правядзе сустрэчы за выхад у Лігу Еўропы.
У трэцім адборавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў БАТЭ чакае дастаткова моцны супернік – пражская „Славія”. Матчы пройдуць 25 ліпеня і 1 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя