БАТЭ выйшаў у 4-ы раўнд Лігі чэмпіёнаў!



Барысаўскі БАТЭ выйшаў у 4-ы раўнд Лігі чэмпіёнаў! У двухматчавым спаборы з азербайджанскім „Карабахам” чэмпіён Беларусі з напругай дамогся свайго і як мінімум забяспечыў сабе еўракубкавую восень у Лізе Еўропы.

Напомнім, што ў першым паядынку БАТЭ на выездзе перамог 1:0. Матч у Барысаве скончыўся з лікам 1:1.

У першым тайме наступ адразу павялі госці, якіх агульная сітуацыя змушала адыгрывацца. Аднак, першы востры момант стварылі якраз гаспадары поля – ужо па традыцыі мажлівасць загубіў няўдачлівы Мікалай Сігневіч.

А на 20-й хвіліне БАТЭ святкаваў поспех. Гэта Мірка Іваніч у гандбольным стылі згуляў на перахопе, імкліва ірвануў да брамы суперніка і не пакінуў шанцаў Хальдарсану – 1:0. Чыста індывідуальны гол аднаго з лідараў барысаўцаў.

Далей чэмпіёны Беларусі сталі гуляць пераважна на ўтрыманне сваёй перавагі за што маглі паплаціцца яшчэ ў першым тайме – балазе ў завяршальнай стадыі гульцы „Карабаха” гулялі няўдала. У БАТЭ было мноства правалаў у абароне.

Тое, што не ўдавалася гасцям у першай палове, здзейснілася неўзабаве пасля перапынку. На 55-й хвіліне чарговы закід у штрафную і пазіцыйны правал Максіма Валадзько прывялі да голу ў браму БАТЭ – вызначыўся Мічэл.

На 77-й хвіліне за другую жоўтую картку быў справядліва выдалены легіянер „Карабаха” Эмегхара. БАТЭ апынуўся ў бальшыні, але па-ранейшаму пераважна абараняўся. Лёс зыходу паядынку вісеў на валаску. У выніку БАТЭ ўтрымаў перавагу.

У гэты ж дзень у наступны раўнд Лігі чэмпіёнаў выйшла кіеўскае „Дынама”, якое трэніруе беларускі адмысловец Аляксандар Хацкевіч. На сваім полі дынамаўцы перамаглі пражскую „Славію” – 2:0 (у першай сустрэчы было 1:1).

А вось маскоўскі „Спартак” спыняе свой удзел у Лізе чэмпіёнаў. Па выніках дзвюх сустрэч ён саступіў грэцкаму ПАОКу – 2:3 у гасцях і 0:0 дома.

Беларускае Радыё Рацыя