БАТЭ выйшаў у раўнд плэй-оф Лігі Еўропы



БАТЭ выйшаў у раўнд плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы. Гэта стала вядома позна ўвечары ў чацвер пасля сустрэчы ў Барысаве з чэмпіёнам Босніі і Герцагавіны – клубам „Сараева”.

Напомнім, што ў першым паядынку ў Зеніцы чэмпіёны Беларусі ўзялі верх – 2:1. Аднак нават пасля гасцявой вікторыі было трывожна. Матч у Беларусі сапраўды выдаўся вельмі складаным. БАТЭ гуляў пераважна блякла і на ўтрыманне ліку. „Сараева” атакавала амаль увесь матч, але забіць так і не здолела. Некалькі выдатных сэйваў здзейсніў барысаўскі галкіпер Антон Чычкан, які вырас у стабільнага брамніка. Крыху вылучаліся ў шэрагах гаспадароў Ігар Стасевіч і Максім Скавыш. Аднак ствараць рэальныя пагрозы суперніку БАТЭ не здолеў. У выніку нулявая нічыя, якая ў цэлым задаволіла барысаўцаў.

У раўндзе плэй-оф у змаганні за выхад у групавы турнір Лігі Еўропы БАТЭ пазмагаецца з казахстанскай „Астаной”.

А салігорскі „Шахцёр” чакана пакідае гэты футбольны турнір. Пасля разгрому ў Турыне ад мясцовага „Тарына” 0:5 каманда з Менскай вобласці магла змагацца толькі за прэстыж і рэйтынгавыя ачкі для краіны. У выніку была зафіксавана нічыя –1:1. Лік адкрылі госці на 81-й хвіліне – вызначыўся іх лідар Дзадза. Салігорцы адыграліся ўжо ў даданы час – на 91-й хвіліне Мікалай Януш параўняў лічбы на табло.

Беларускае Радыё Рацыя