БАТЭ зноў датэрмінова чэмпіён Беларусі!
Барысаўскі БАТЭ 11-ы раз (і 9-ы запар!) стаў чэмпіёнам Беларусі. Гэта высветлілася пасля матчаў 30 туру. Датэрміновай заваёве барысаўцамі золата паспрыялі іх галоўныя канкурэнты – менскія дынамаўцы, якія саступілі ў гасцях жодзінскаму „Тарпеда” – 1:2.
Пазней на поле Барысава выйшлі „жоўта-сінія” і наваполацкі „Нафтан”. Ужо ў першым тайме чэмпіёны краіны фактычна вырашылі лёс сустрэчы. На 24-й хвіліне Міхаіл Гардзяйчук вынікова скарыстаўся пасам Віталя Радзівонава. Праз два абароты секунднай стрэлкі ўжо сам Радзівонаў падвоіў лік, узяўшы ў асістэнты Анры Хагуша. На 40-й хвіліне Аляксандар Карніцкі з перадачы Гардзяйчука праштампаваў перавагу БАТЭ.
У другой палове на 72-й хвіліне яшчэ раз вызначыўся Радзівонаў – 4:0 і барысаўская тарсіда святкавала чарговы чэмпіёнскі тытул. Дзень у дзень, год таму, Аляксандар Ермаковіч першы раз у сваёй трэнерскай кар’еры прывёў БАТЭ да золата, але ў тым сезоне ён толькі працягваў справу пачатую Віктарам Ганчарэнкам.
Турнірнае становішча за 2 туры да завяршэння першынства ў першай шасцёрцы такое: 1. БАТЭ – 67 ачкоў, 2. Дынама (Менск) – 60, 3. Шахцёр (Салігорск) – 48, 4. Тарпеда – 46, 5. Нафтан – 42, 6. Гомель – 35. Такім чынам акутальным застаецца толькі змаганне за бронзавыя медалі.
Яшчэ ў адным матчы прэстыжу 30 тура гарадзенскі „Нёман” адолеў дома ФК „Слуцк” – 2:0. Гэтыя клубы ў ніжняй шасцёрцы змагаюцца за 8-е месца. Цяпер случакі апярэджваюць нёманцаў на 3 ачкі.
Беларускае Радыё Рацыя