БАТЭ зноў у асноўным турніры Лігі чэмпіёнаў!
Барысаўскі футбольны БАТЭ ўпэўнена аформіў свой выхад у асноўную сетку Лігі чэмпіёнаў, перамогшы на сваім полі братыслаўскі “Слован” 3:0. Пасля 1:1 у першай сустрэчы Аляксандр Ермаковіч ня стаў мудрагеліць і цалком паўтарыў стартавы склад першага матчу Толькі ў самым дэбюце ініцыятывай нядоўга валодалі госці, пасля гэтага БАТЭ трывала прыбраў ніці гульні да сваіх рук. Дакладней ног і галавы. Выдатны момант меў Віталь Радзівонаў, аднак мяч пасля яго завяршальнага акорду здзекліва трапіў акурат у штангу. Чэмпіёны Беларусі мелі яшчэ некалькі неблагіх момантаў, але стралялі цэлы час міма брамы. І толькі на 41-й хвіліне барысаўцам удалася бліскучая атака. Дзмітрый Ліхтаровіч выдатным пасам вывеў наперад Радзівонава, той крыху замарудзіў, але потым мякка адпасаваў Міхаілу Гардзяйчуку, які ўварваўся каршуном да брамы суперніка і тэхнічна перакінуў галкіпера. Ветэран і капітан БАТЭ Ліхтаровіч, дарэчы, праводзіў 50-ы матч у Лізе чэмпіёнаў. У другім тайме славакі стварылі рэальную пагрозу – але двойчы запар пасля гарматных стрэлаў мяч адбіваў брамнік БАТЭ Сяргей Чэрнік. Гаспадары дзеілі на контратаках і мелі шанцы падвоіць перавагу, але не шанцавала ў гэты дзень форварду Радзівонаву. Некалькі разоў на завяршэнні яму бракавала ўдачы, аднойчы мяч трапіў у папярэчыну. А на 79-й хвіліне госці засталіся ў меншасці – за другую жоўтую картку быў выдалены афрыканскі легінер з Гвінеі Сума. Неўзабаве Сяргей Крывец мог зняць усе пытанні, але ператрымаў мяч. На 84-й украінец Андрэй Якаўлеў стварыў ідэальную сітуацыю для Крыўца і той не схібіў – 2:0. А яшчэ праз хвіліну Віталь Радзівонаў, узяўшы на гэты раз штангу ў саюзнікі, дабіў “Слован” – канчатковыя 3:0 на карысць БАТЭ і беларускі клуб ізноў у асноўным турніры футбольнай Лігі чэмпіёнаў! Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя