«Баварыя» абыграла «ПСЖ» і шосты раз выйграла Лігу чэмпіёнаў
У фінальным матчы Лігі чэмпіёнаў мюнхенская «Баварыя» абыграла парыжскі «ПСЖ» з лікам 1:0 і стала пераможцам турніру. Сустрэча адбылася ў Лісабоне на стадыёне «Так Луш». Абслугоўвала матч італьянская брыгада арбітраў на чале з Даніэле Арсата.
Адзіны гол быў забіты ў другім тайме – на 59-й хвіліне аўтарам забітага мяча стаў Кінгслі Коман, якому асыставаў Йозуа Кіміх. «Баварыя» шосты раз у сваёй гісторыі выйграла Лігу чэмпіёнаў і дагнала па гэтым паказчыку «Ліверпуль». Нямецкі і англійская клубы дзеляць 3-е месца ў гісторыі турніру. Часцей пераможцамі Лігі чэмпіёнаў станавіліся толькі «Мілан» 7 і мадрыдскі «Рэал» 13 разоў.
Лепшым снайперам Лігі чэмпіёнаў стаў польскі форвард баварцаў Роберт Левандоўскі, які забіў 15 мячоў. Таксама ён стаў першым гульцом, які выйграў тры трафея ў адным сезоне і стаў лепшым бамбардзірам у кожным турніры.
Футбалісты БАТЭ перамаглі „Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі
Футбалісты барысаўскага БАТЭ абыгралі гарадзенскі „Нёман” з лікам 2:0 у гасцявым матчы 22-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме сустрэчы ў Гародні гаспадары мелі невялікую перавагу, але не рэалізавалі свае магчымасці для ўзяцця брамы. Затое госці паспяхова абараняліся, а на 42-й хвіліне ў адной з контратак свой шанец выкарыстаў Максім Скавыш. Пасля перапынку гульня праходзіла па тым жа сцэнары – гарадзенцы беспаспяхова атакавалі, а барысаўчане ўмела абараняліся і на 54-й хвіліне павялічылі сваю перавагу пасля эфектнага гола Паўла Няхайчыка прамым ударам з кутавога. Яшчэ два фаварыты нацыянальнага першынства ў гэтым туры прайгралі. Салігорскі „Шахцёр” саступіў у Менску футбалістам „Іслачы” з лікам 2:4, а дзеючыя чэмпіёны краіны берасцейскія дынамаўцы нечакана прайгралі на хатняй арэне аднаму з аўтсайдараў бабруйскай „Белшынай” з лікам 1:2.
„Мяшкоў Брэст” заваяваў Кубак Беларусі па гандболе
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” 12-ы раз сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У вырашальным паядынку кубкавага розыгрышу ў Пінску берасцейцы абыгралі менскі СКА з лікам 26:25. У гульні за трэцяе месца гандбалісты „Гомеля” ва ўпартай барацьбе перайгралі магілёўскі клуб „Машэка” з мінімальнай перавагай – 32:31.
На гарадскім стадыёне ў Маладэчне ўшанавалi памяць Мікіты Крыўцова
Футбольная супольнасць у Маладэчне ўшанавала памяць Мікіты Крыўцова. На гарадскім стадыёне ўшанавалі памяць загінулага Мікіты Крыўцова, які быў футбольным фанатам. Людзі неслі кветкі, на 13-ы сектар адмыслова прынеслі фотаздымак Мікіты. Хлопец, які знік 12 жніўня, быў знойдзены павешаным у лесе ў Менску. Жонка лічыць, што смерць Мікіты звязаная з палітыкай. Крыўцоў неаднаразова трапляў у аб’ектывы камер увечары 9 жніўня, калі пачаліся пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: soccer.ru