„Баварыя” разграміла „Ліён” і выйшла ў фінал Лігі чэмпіёнаў



У матчы паўфіналу Лігі чэмпіёнаў мюнхенская «Баварыя» разграміла «Ліён» з лікам 3:0. Сустрэча адбылася ў Лісабоне на стадыёне «Жазэ Алваладэ». Абслугоўвала матч іспанская брыгада арбітраў на чале з Матэу Лаосам. Лік быў адкрыты ў сярэдзіне першага тайма – на 18-й хвіліне аўтарам забітага мяча стаў Серж Гнабры, яму асыставаў Йозуа Кіміх. На 33-й хвіліне нямецкі клуб павялічыў разрыў, зноў вызначыўся Гнабры, які аформіў дубль. У канцоўцы лік да буйнога давёў Роберт Левандоўскі з перадачы Кіміха. У фінале «Баварыя» сустрэнецца з французскім «Пары Сэн-Жэрмэн». Вырашальны матч адбудзецца 23 жніўня. «Баварыя» – 5-разовы пераможца Лігі чэмпіёнаў, «ПСЖ» турнір ніколі не выйграваў.

ЦСКА Віктара Ганчарэнкі прайграў „Зеніту” у чэмпіянаце Расеі

Футбалісты маскоўскага ЦСКА пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі саступілі „Зеніту” 1:2 у гасцявым матчы трэцяга тура чэмпіянату Расеі. У першым тайме сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу гаспадары выйшлі наперад на 20-й хвіліне пасля ўдару Сердара Азмуна, а праз пяць хвілін Нікола Влашыч зраўняў лік. У другой палове гульні зенітаўцы працягвалі дамінаваць і на 69-й хвіліне Сердар Азмун аформіў галявы дубль, прынёсшы трэцюю перамогу дзеючым чэмпіёнам Расеі. Беларускі форвард масквічоў Ілля Шкурын выйшаў на поле на 81-й хвіліне.

Анастасія Мірончык-Іванова выйграла золата Мемарыялу Іштвана Дзьюлаі

Беларуская скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова выйграла золата Мемарыялу Іштвана Дзьюлаі ў Вугоршчыне. Пераможнай для ураджэнкі Слуцка стала першая ж спроба, якая завяршылася скачком на 6 метраў 77 сантыметраў. Беларуска ў выніку на адзін сантыметр апярэдзіла тытулаваную ўкраінку Марыну Бех-Раманчук.

Яшчэ адну ўзнагароду, бронзавую, выйграла беларуска Эльвіра Герман. У забегу на 100 м з бар’ерамі яна фінішавала з вынікам 12,96 секунды.

Раней яшчэ адзін бронзавы медаль прынесла зборнай Беларусі Ганна Малышчык, якая спецыялізуецца на кіданні молата.

Ілля Івашка прабіўся ў 1/4 фіналу парнага разраду турніру ў Празе

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка выйшаў у чвэрцьфінал парнага разраду на турніры серыі „Чэленджэр” утэніс Празе з прызавым фондам 137,5 тысяч даляраў. У матчы 1/8 фіналу беларус разам з індыйскім тэнісістам Сумітам Нагалам адолеў навазеландска-славацкі дуэт Арцём Сітак / Ігар Зеленай – 3:6, 6:3, 10:8. Сёння ў гульні за выхад у паўфінальную стадыю беларуска-індыйскі тандэм згуляе з французскай парай П’ер-ЮГ Эрбер / Артур Рындэркнэх. У адзіночным разрадзе Ілля Івашка, які займае 138-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў у двух сэтах Томашу Махачу, у якога 255-я пазіцыя, – 0:6, 5:7. Турнір у чэшскай сталіцы завершыцца 22 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя