Базанаў: камітэт УЕФА дапаможа развіваць нашу футбольную інфраструктуру
Старшыня асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” Уладзімір Базанаў перад работай пасяджэння камітэта УЕФА Хет-трык у Менску расказаў аб планах далейшага супрацоўніцтва з еўрапейскімі футбольнымі ўладамі.
Уладзімір Базанаў адзначыў, што Хет-трык з’яўляецца адным з асноўных камітэтаў УЕФА, які дапамог рэалізаваць у Беларусі шэраг праектаў, ключавым з іх стаў Тэхнічны цэнтр АБФФ. „Мы хочам і далей развіваць беларускую футбольную інфраструктуру пры падтрымцы камітэта УЕФА Хет-трык. Ужо ў бліжэйшы час плануем укладку поўнапамерных футбольных палёў са штучным пакрыццём у такіх гарадах, як Баранавічы, Маладэчна, Барысаў, Полацк і Орша”, – дадаў ён.
Старшыня камітэта УЕФА Хет-трык Карл-Эрык Нілсан у сваю чаргу падкрэсліў, што задаволены тым, як ідзе супрацоўніцтва з беларускім бокам.
Мерапрыемства з удзелам членаў камітэта з 28 краін на чале з Карлам-Эрыкам Нілсанам, супрацоўнікаў УЕФА і наглядальнікаў ФІФА, а таксама прадстаўнікоў Беларускай федэрацыі футбола прайшло ў закрытым рэжыме.
Праграма УЕФА Хет-трык была запушчана ў канцы 2003 года. Яе мэта – фінансавая падтрымка асацыяцый УЕФА, якія дзякуючы інвестыцыям працуюць над развіццём футбола на ўсіх узроўнях. Штогод ажыццяўляюцца выплаты салідарнасці, дзякуючы якім асацыяцыі УЕФА атрымліваюць магчымасць прымаць удзел у дзіцяча-юнацкіх, жаночых і аматарскіх турнірах.