Беларусь абыграла Аўстрыю ў матчы алімпійскай хакейнай кваліфікацыі



Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі правяла другі матч алімпійскага кваліфікацыйнага турніру ў групе D. Турнір праходзіць у Браціславе. Каманда Крэйга Вудкрафта дамаглася перамогі над зборнай Аўстрыі з лікам 5:2.

У складзе зборнай Беларусі закідвалі Андрэй Стась, Шэйн Прынс, Джэф Плат і двойчы Ягор Шаранговіч. Брамку  абараняў Дэні Тэйлар. Нагадаю, у першым туры зборная Беларусі пацярпела паразу ад каманды Польшчы – 0:1, а Аўстрыя саступіла Славакіі – 1: 2. Сёння адбудзецца яшчэ адзін матч – Славакія – Польшча (пачатак у 20:15). Зборная Беларусі заключны матч кваліфікацыі правядзе 29 жніўня супраць каманды Славакіі (пачатак у 18:30). У той жа дзень раней сустрэнуцца Польшча і Аўстрыя (14:30). Пуцёўку на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекін атрымае толькі пераможца групы.

Беларускі абаронца Мацвей Бажко пакінуў „Нёман”

Беларускі абаронца Мацвей Бажко пакінуў „Нёман”, піша прэс-служба клуба. 25-гадовы хакеіст папоўніў склад каманды ў лютым 2019 года і за два з невялікім сезоны прыняў удзел у 92-х матчах экстралігі, набраўшы 9  балаў.

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе выйшла ў фінал турніру ў Санкт-Пецярбургу

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе перамагла „Урал” 3:2 у паўфінале міжнароднага турніру памяці Вячаслава Платонава ў Санкт-Пецярбургу. У вырашальным паядынку беларуская каманда сёння згуляе з „Белагор’е”. Пачатак сустрэчы ў 12.30.

Ілля Івашка выйшаў у фінал турніру АТП-250

Беларус Ілля Івашка прабіўся ў фінал турніру АТП-250 у амерыканскім Уінстан-Сейлеме з прызавым фондам 717 тысяч 955 даляраў. У паўфінальным паядынку наш суайчыннік разграміў фіна Эміля Руусувуоры  – 6:2, 6:1. У вырашальнай баталіі наш суайчыннік будзе супернічаць са шведам Мікаэлем Імерам.

„Рух” мінімальна абыграў „Шахцёр” у цэнтральным матчы тура

Берасцейскі „Рух” мінімальна абыграў салігорскі „Шахцёр” у цэнтральным матчы 21-га тура вышэйшай лігі. Адзіны гол у гэтай гульні забіў на 58-й хвіліне Дзяніс Лапцеў.   Cёння адбудуцца яшчэ тры матчы. Жодзінскае «Тарпеда» прыме «Гомель», сталічнае «Дынама» зхгуляе ў дэрбі з «Мінскам», а барысаўскі БАТЭ пазмагаецца з «Іслаччу».

Крышціяну Раналду вернецца ў „Манчэстар Юнайтэд”

Англійскі футбольны клуб „Манчэстар Юнайтэд” абвясціў аб дасягненні дамовы з італьянскім „Ювентусам” аб пераходзе партугальскага форварда Крышціяну Раналду. Футбаліст пяройдзе пры ўмове ўзгаднення кантракту, атрымання візы і паспяховага праходжання медыцынскага абследавання. Крышціяну Раналду выступаў за „Ювентус” з 2018 года. На рахунку партугальца 134 матчы за італьянскі клуб, у якіх ён забіў 101 гол і аддаў 22 галявыя перадачы. Стаў двухразовым чэмпіёнам Італіі, уладальнікам Кубка і Суперкубка Італіі.

З 2003 па 2009 год Крышціяну Раналду выступаў за „Манчэстар Юнайтэд”, у які перайшоў з партугальскага „Спортынга”, ён тры разы стаў чэмпіёнам Англіі, пераможцам Кубка Англіі і ўладальнікам Лігі чэмпіёнаў. Усяго правёў за ангельскі клуб 292 матчы, у якіх забіў 118 галоў і аддаў 69 выніковых перадач.

З „Манчэстар Юнайтэд” партугалец адправіўся ў мадрыдскі „Рэал”, у якім гуляў з 2009 па 2018 год. Двойчы выйграў чэмпіянат Іспаніі і Кубак Іспаніі, 4 разы перамог у Лізе чэмпіёнаў і двойчы – у Суперкубку УЕФА. Ён прыняў удзел у 438 матчах клуба, забіўшы 450 мячоў і аддаўшы 132  перадачы. 36-гадовы Крышціяну Раналду таксама пяціразовы ўладальнік „Залатога мяча”. Партугалец перамагаў на чэмпіянаце Еўропы 2016 года.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ФХБ