Беларус Аляксандр Хацкевіч узначаліў кіеўскае „Дынама”
Беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч стаў галоўным трэнерам кіеўскага „Дынама”, паведамляе прэс-служба ўкраінскай каманды.
Кантракт з беларускім спецыялістам разлічаны на два гады. У трэнерскі штаб Аляксандра Мікалаевіча ўвайшлі Максім Шацкіх, Алег Лужны і трэнер варатароў Міхаіл Міхайлаў.
Аляксандр Хацкевіч нарадзіўся 19 кастрычніка 1973 года ў Менску. Футбольную кар’еру пачынаў у менскім „Дынама”, адкуль у 1996 годзе перайшоў у кіеўскае „Дынама”. За клуб са сталіцы Украіны ён гуляў да 2004 года, заваяваўшы разам з „Дынама” сем чэмпіёнскіх тытулаў і чатыры разы станавіўся ўладальнікам Кубка Украіны. Таксама Аляксандр Хацкевіч выступаў за кітайскі „Цяньцзінь Тэда” і латвійскую „Венту”.
Трэнерскую кар’еру пачаў у 2007 годзе ў якасці іграючага трэнера „Дынама” (Менск). Далей узначальваў юнацкую зборную Беларусі U-18 і ФК „Віцебск”. З 1 лютага 2010-га па красавік 2011 года працаваў асістэнтам галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Украіны. У снежні 2010 года ўзначаліў маладзёжную каманду кіеўскага „Дынама”, летам 2013-га – „Дынама-2”. 4 снежня 2014 года быў назначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі, якую ўзначальваў да 6 снежня 2016 года.