Беларусь дала бой, але саступіла Францыі



Беларусь някепска пачала паядынак з Францыяй у гасцях, аднак пасля экватара першага тайму атрымала дзве прабоіны ў свой „карабель”. На 27-й хвіліне Антуан Грызман адкрыў лік, а на 33-й гігант Аліўе Жыру падвоіў яго. У паветры запахла разгромам, але да гонару нашай каманды яна не склала „белыя крылы”. У канцоўцы вызначыўся ўжо беларускі фактурны форвард Антон Сарока. Спярша ён прыцэльна і хвостка выстраліў, але крыху вышэй брамы. А неўзабаве тэхнічна падрэзаў мяч у недасягальны для Уга Льёрыса кут. Так на табло высвецілася 2:1.

Пасля антракту Беларусь выдала вельмі добры гульнёвы адрэзак і стварыла шэраг момантаў. У адным з эпізодаў абавязаны быў забіваць Сарока, але па дзіцячы схібіў. Французы таксама мелі добрыя шанцы павялічыць сваю перавагу. На апошніх секундах зноў не трапіў зблізку ў браму Сарока. У выніку ўсё ж 2:1 на карысць „трохкаляровых”, якія занялі першае месца і заваявалі пуцёўку ў Расею.

Паралельна Нідэрлянды павінны былі граміць Швецыю, каб здзейсніць цуд і заняць другое месца. Пасля першага тайма пасля двух галоў Ар’ена Робена было 2:0. У другім тайме запал „аранье” скончыўся. Сустрэча так і завяршылася.

Люксембург імкнуўся ўзняцца з апошняга месца і пасля першага тайму перамагаў Балгарыю 1:0. У другім тайме балгары ўсё ж дамагліся нічыі – выніковыя 1:1. Такім чынам Беларусь фінішавала ў групе, на жаль, апошняй.

Група „А”: 1. Францыя – 23 ачкі, 2. Швецыя – 19, 3. Нідэрлянды – 19, 4. Балгарыя – 13, 5. Люксембург – 6, 6. Беларусь – 5.

Цэнтральнай падзеяй дня была бітва за першае месца ў групе „В”. Паміж сабой змагаліся Партугалія і Швайцарыя. Швайцарцы перад гэтым перамаглі ва ўсіх 9 матчах, у тым ліку і ў пірэнейцаў. Партугальцам патрабавалася выйграць сустрэчу, „крыжакоў” задавальняла і нічыя. У першым тайме гельветы падарылі гаспадарам поля аўтагол. Пасля перапынку Андрэ Сілва павялічыў перавагу чэмпіёнаў Еўропы. Так Партугалія заняла першае месца, а Швайцарыю адправіла ў стыкі.

Іншыя вынікі: Венгрыя- Фарэрскія выспы – 1:0, Латвія-Андора – 4:0.

Група „В”: 1. Партугалія – 27 ачкоў, 2. Швайцарыя – 27, 3. Венгрыя – 13, 4. Фарэры – 9, 5. Латвія – 7, 6. Андора – 4.

У групе „Н” амаль усё было вызначана загадзя. Адзінае, што пераможцу групы Бельгіі патрэбна было выйграць, каб апынуцца пазней у ліку сеяных „матак”. З гэтым заданнем бельгійцы справіліся без асаблівых праблемаў, разграміўшы кіпрыётаў 4:0. Іншыя матчы групы: Грэцыя- Гібралтар – 4:0, Эстонія-Боснія і Герцагавіна – 1:2.

Група „Н”: 1. Бельгія – 28, 2. Грэцыя – 19, 3. Боснія і Герцагавіна – 17, 4. Эстонія – 11, 5. Кіпр – 10, 6. Гібралтар – 0. 

Такім чынам прамыя пуцёўкі ў фінальную частку мундыяля ад Еўропы заваявалі Бельгія, Англія, Германія, Польшча, Іспанія, Ісляндыя, Сербія, Францыя і Партугалія. У стыкавы раўнд за розыгрыш яшчэ 4-х месцаў выйшлі Паўночная Ірляндыя, Данія, Грэцыя, Італія, Ірляндыя, Харватыя, Швайцарыя і Швецыя. Не пашанцавала камандзе Славаччыны, якая па дадатковых паказніках, засталася 9-й лішняй з другіх месцаў. Беларускае Радыё Рацыя