Беларусь-Данія-5:1
Хакейная зборная Беларусі на чэмпіянаце свету, што праходзіць у Чэхіі, 5 траўня па-сапраўднаму парадавала сваіх заўзятараў. У няпростым паядынку з дружынай Даніі беларуская каманда была мацнейшай – 5:1. Цікава, што пасля першага перыяду беларусы пасля шайбы Юліяна Якабсена саступалі 0:1. Але ў другім перыядзе настаў пералом. Артур Гаўрус, Яўген Кавыршын і Ілья Шынкевіч вывелі Беларусь наперад. А ў заключнай частцы матчу той жа Кавыршын і Іван Усенка давялі лік да буйнага.
Пасля трох тураў зборная Беларусі набрала 7 ачкоў і пакуль апярэджвае Расею, у якой 6. На першым месцы ЗША – 9 пунктаў.
Беларускае Радыё Рацыя