Беларус Эдуард Зязюлін заняў шостае месца на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы
У сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе завяршыўся чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы, на якім пад нейтральным сцягам выступілі беларускія спартоўцы. У заключны дзень спаборніцтваў мужчыны вызначалі наймацнейшых у вагавай катэгорыі звыш 109 кг, дзе нашу краіну прадстаўляў Эдуард Зязюлін. У рыўку беларускі штангіст з трэцяй спробы справіўся з вагой 201 кг, а ў штуршку ўдалым для Зязюліна апынуўся толькі стартавы падыход на 230 кг – штанга вагой 240 і затым 243 кг засталася няскоранай. Агульная сума беларуса склала 431 кг, што прынесла яму шостую пазіцыю сярод 42 удзельнікаў. Чэмпіёнам свету ў гэтай катэгорыі сёмы раз стаў Лаша Талахадзэ з Грузіі. Такім чынам, з чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы беларуская дэлегацыя павезла дзве ўзнагароды – абедзве нашай камандзе ў вазе да 102 кг прынёс Яўген Ціханцоў, які выйграў малы залаты медаль у рыўку і стаў бронзавым прызёрам па суме.
Два сусветныя рэкорды па лёгкай атлетыцы ўстаноўлены ў фінале Брыльянтавай лігі
У амерыканскім Юджыне завяршыўся 14-ы сезон Брыльянтавай лігі – буйнейшых камерцыйных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. На заключным старце турніру былі пабіты адразу два сусветныя рэкорды. Шведскі скакун з шастом Арман Дзюпланціс паляцеў на вышыню 6 метраў 23 сантыметры і перасягнуў сваё ўласнае дасягненне, якое было ўсталявана на леташнім чэмпіянаце свету ў ЗША. Тады алімпійскі чэмпіён са Швецыі ўзяў 6,21 м. У кар’еры 23-гадовага Дзюпланціса гэты сусветны рэкорд стаў ужо сёмым. Акрамя таго, лепшы час у гісторыі ў бегу на 5000 м сярод жанчын паказала Гудаф Цэгай з Эфіопіі, якая пераадолела гэтую дыстанцыю за 14 хвілін 00,21 секунды і „скінула” з мінулага сусветнага рэкорду амаль пяць секунд.
Івашка губляе пазіцыі ў рэйтынгу ATP
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка працягвае апускацца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. У новым рэйтынгу ён апусціўся на тры пазіцыі і займае 156-ы радок з 401-м набраным ачком. Тыднем раней, пасля не надта паспяховага выступу на Адкрытым чэмпіянаце ЗША, Івашка страціў адразу 50 пазіцый. Узначальвае рэйтынг ATP серб Новак Джокавіч, другое месца ў іспанца Карласа Алькараса, трэцяе — у расейца Данііла Мядзведзева.
Менскае «Дынама» адправіла Звягіна ў «Дынама-Маладэчна»
Форвард менскага «Дынама» Сцяпан Звягін камандзіраваны ў «Дынама-Маладэчна». 19-гадовы гулец правёў за менчан 4 спарынгі і 3 матчы ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ, у якіх набраў 3 ачкі.
Валадзько дэбютаваў у чэмпіянаце Мальты
У матчы першага тура чэмпіянату Мальты «Фларыяна» абыграла «Санта-Люсію» 4:0. У складзе пераможцаў беларускі абаронца Максім Валадзько правёў на полі ўвесь матч. Для футбаліста гэта дэбютны матч у чэмпіянаце краіны.
Шкурын – адзіны беларус у топ-10000 найлепшых футбалістаў у FC 24
Кампанія EA Sports апублікавала рэйтынгі ўсіх футбалістаў у у гульні FC 24. У спіс трапілі 4 беларускія футбалісты і 1 футбалістка. Так, беларуская абаронца «Сэнт-Эцьена» Вікторыя Казакевіч займае 5997 месца. Найлепшым з беларускіх футбалістаў з’яўляецца нападнік польскай «Сталі» Ілля Шкурын – у яго 9072 пазіцыя. Таксама ў рэйтынг трапілі галкіпер шведскага «Вернаму» Філіп Вайцяховіч (11200), паўабаронца дрэздэнскага «Дынама» (Д3, Нямеччына) Жан Шчарбакоўскі і форвард польскай «Кароны» Яўген Шыкаўка (абодва маюць рэйтынг 12235).
Беларускае Радыё Рацыя
