Беларус Глеб Гарбуз стаў найлепшым бамбардзірам у Швейцарыі
26-гадовы беларус Глеб Гарбуз стаў найлепшым бамбардзірам у спыненым чэмпіянаце Швейцарыі па гандболе. Распасоўнік клуба „Крынс-Люцэрн” закінуў 163 мячы і апярэджвае бліжэйшага пераследніка на 25 галоў, інфармуе handballfast.com.
Пацверджаны толькі адзін выпадак заражэння каранавірусам у беларускіх спартоўцаў
Па звестках санітарна-эпідэміялагічных службаў Беларусі, на дадзены момант пацверджаны толькі адзін выпадак заражэння інфекцыяй, выкліканай каранавірусам COVID-19, у спартоўца, які вярнуўся з міжнародных спаборніцтваў. Інфармацыя пра гэта змешчана на сайце спартыўнага ведамства. Прэс-служба Мінспорту паведамляе, што спартовец ізаляваны і атрымлівае неабходную медыцынскую дапамогу. Па ўсіх астатніх эпізодах, якія пералічваюцца ў паведамленнях СМІ, няма ніякіх дадзеных пра станоўчыя вынікі аналізаў на наяўнасць інфекцыі ў беларускіх спартоўцаў.
Баксёры Галіна Бруевіч і Міхаіл Даўгалевец прабіліся ў наступны круг турніру алімпійскай кваліфікацыі
Беларускія баксёры Галіна Бруевіч (вагавая катэгорыя 57 кг) і Міхаіл Даўгалевец (81 кг) прабіліся ў наступны круг турніру алімпійскай кваліфікацыі ў Лондане. Галіна Бруевіч справілася з саперніцай з Чэхіі Ленкі Бернардавай. У спаборніцтвах мужчын Міхаіл Даўгалевец перамог літоўца Паўлюса Зуеваса.
Берасцейскае „Дынама” згуляе з „Шахцёрам” у паўфінале Кубка Беларусі па футболе
У менскім Доме футбола адбылося лёсаванне паўфінальных пар розыгрышу Кубка Беларусі. Дзеючы ўладальнік трафея салігорскі „Шахцёр” сустрэнецца з чэмпіёнам краіны берасцейскім „Дынама”. 4 сакавіка гэтыя каманды супернічалі ў матчы за Суперкубак, перамаглі з лікам 2:0 берасцейцы. У другім паўфінале футбалісты барысаўскага БАТЭ двойчы згуляюць з мазырскай „Славіяй”. Першыя паўфінальныя матчы павінны адбыцца 8 красавіка ў Берасці і Мазыры, матчы ў адказ – 29 красавіка ў Салігорску і Барысаве.
„Барыс” Андрэя Скабелкі адмовіцца ад удзелу ў плэй-оф КХЛ
Казахстанскі „Барыс” адмовіцца ад удзелу ў плэй-оф КХЛ з-за каронавіруса. Хакеістам „барсаў” паведамілі пра рашэнне на агульнакамандным сходзе, цяпер клуб павінен узгадніць гэта рашэнне з лігай. Самі гульцы гатовыя працягваць удзел у розыгрышы Кубка Гагарына. Раней ад удзелу афіцыйна адмовіўся фінскі „Ёкерыт”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя