Беларусь хоча правесці чэмпіянат свету па хакеі
Беларусь будзе змагацца за права правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2021, 2022 ці 2023 гадах. Пра гэта паведаміў кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі. 31 траўня на справаздачна-выбарнай канферэнцыі ФХБ у Менску ён заявіў, што „наша задача — вярнуць чэмпіянат свету ў Беларусь”.
Паводле слоў Рачкоўскага, вялікай дапамогай у гэтым плане стала абранне прадстаўніка Беларусі 33-гадовага Сяргея Ганчарова ў склад савета Міжнароднай федэрацыі хакея. На канферэнцыі было зацверджана прызначэнне Ганчарова на пасаду намесніка старшыні Федэрацыі хакея Беларусі, інфармуе БелаПАН.
Сяргей Ганчароў лічыць, што найбольш рэальным на сённяшні дзень для Беларусі, як патэнцыйнага месца правядзення сусветнага першынства, выглядае 2022 год. Наша краіна арганізоўвала хакейны чэмпіянат свету толькі аднойчы — у 2014 годзе.