Беларусь – Люксембург – 1:0



У чарговым матчы футбольнай Лігі нацый беларуская зборная на сваім полі сустракалася з дружынай Люксембурга. Сустрэча скончылася мінімальнай вікторыяй Беларусі – 1:0.

У першым тайме перавага была на баку каманды Ігара Крывушэнкі. Яна вылілася ў лагічны, хоць крыху недарэчны па форме гол Антона Сарокі – форвард скарыстаўся памылкай галкіпера і вызначыўся на 43-й хвіліне.

Другі тайм пачаўся з наступу люксембуржцаў. Беларусы іх стрымлівалі і спадзяваліся на контратакі. Добрым момантам у адной з іх пасля паса Паўла Няхайчыка не скарыстаўся Антон Пуціла. На 77-й хвіліне ўсе пытанні мог зняць Сарока, але прабіў няўдала – проста ў галкіпера.

Характар гульні ўжо не мяняўся да канца сустрэчы. Пасля заменаў беларусы ўзмацнілі абарону і ўрэшце дамагліся свайго.

У гэтай жа групе зборная Малдовы ў сябе дома перамагла сціплую дружыну Сан-Марына – 2:0.

Турнірнае становішча ў групе 2 дывізіёна D Лігі нацый зараз такое: 1. Беларусь – 7 ачкоў, 2. Люксембург – 6, 3. Малдова – 4, 4. Сан-Марына – 0. 

Беларускае Радыё Рацыя