Беларусь можа пазбавіцца права правесці этап Кубка свету па біятлоне
Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) прысвоіў этапу Кубка свету ў Беларусі, які павінен прайсці ў Раўбічах у 2022 годзе, статус непацверджанага, паведамляецца на сайце саюза.
Выканаўчы камітэт IBU правёў 11 лютага сустрэчу ў Бледзе (Славенія) падчас чэмпіянату свету па біятлоне, каб абмеркаваць шэраг ключавых пытанняў, уключаючы расклад спаборніцтваў, якія маюць адбыцца, і дадатковую фінансавую падтрымку нацыянальнай федэрацыі.
Адзначаецца, што статус непацверджанага ў дачыненні да этапу Кубка свету ў Менску — Раўбічах вызначаны выканкамам IBU „у сувязі з наяўнай сітуацыяй у Беларусі”.
„Выканаўчы камітэт IBU прыме рашэнне аб пацвярджэнні або пераносе мерапрыемства не пазней за верасень 2021 года, зыходзячы з сітуацыі ў Беларусі і яе перспектыў на той момант”, — гаворыцца ў паведамленні.
Этап Кубка свету па біятлоне ў спарткомплексе „Раўбічы” павінен прайсці ў пачатку сакавіка 2022 года.
Раней Мінск афіцыйна пазбавіўся права правесці чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. Як растлумачылі 18 студзеня ў Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF), прычына ў немагчымасці гарантаваць бяспеку каманд, гледачоў і афіцыйных асоб ва ўмовах росту ў краіне палітычнай нестабільнасці. Акрамя гэтага, у ліку прычын пераносу спаборніцтва з Мінска названая пандэмія COVID-19 і сумневы членаў IIHF у тым, што ўлады Беларусі даюць праўдзівую статыстыку па колькасці хворых на каранавірус.
У выніку ўсе матчы хакейнага чэмпіянату свету (21 мая — 6 чэрвеня 2021 года) прыме Рыга.